Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падняво́льнасць, ‑і, ж.

Стан паднявольнага. У купалаўскага героя радаснае адчуванне працы амаль заўсёды атручана ўсведамленнем паднявольнасці яе. Івашын.

падняво́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Залежны, падначалены; прыгнечаны. [Маці] вяла.. [Яна] за руку ў царкву і там вучыла кланяцца багам, вучыла быць паднявольным. Пестрак. Там продкі паднявольнай талакой На берагах адбудавалі горад. Хведаровіч.

2. Які адбываецца не па сваёй волі, прымусовы. Дакастрычніцкая творчасць Янкі Купалы — гэта бадай поўны звод паэтычных звестак аб паднявольным жыцці беларускага селяніна. Лужанін. Бярэзінская водная сістэма была створана паднявольнай працай беларускіх прыгонных сялян у 1798–1805 гадах. В. Вольскі.

паднядзе́ліцца, ‑дзе́люся, ‑дзе́лішся, ‑дзе́ліцца; зак.

Абл. Надаць сабе святочны выгляд, прыбрацца. [Маці:] — Паднядзелься трохі ды ідзі ў клуб... Гэта ж такі сёння харошы вечар... Сачанка.

паднясе́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. паднесці (у 3, 4 знач.).

падня́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падняць.

•••

З паднятым забралам гл. забрала.

падня́цца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і падымуся, падымешся, паднімецца; пр. падняўся, ‑нялася, ‑нялося; заг. падніміся і падыміся; зак.

1. Перамясціцца куды‑н. уверх; узысці. [Хмара] моўчкі вылез з машыны, моўчкі падняўся на ліфце і прайшоў у свой нумар. Васілевіч. Спачатку мы паблукалі каля волатаў-таросаў, а потым нам захацелася падняцца на сопку. Бяганская. // Праплыць нейкую адлегласць супраць цячэння. Падняцца ўверх па Дняпры.

2. Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. Дзіцячая рука сутаргава паднялася і.. кранулася рудой шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Кіра падбегла да.. [Арыны], абвіла шыю рукамі, паднялася на пальчыкі і пацалавала ў шчаку. Карпаў. // Перамясціцца ўверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Шлагбаум падняўся. □ Зноў паднялася заслона, зноў, затаіўшы дух, усе сачылі за тым, што тварылася перад імі. Пальчэўскі. // перан. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча. Падняцца па службовай лесвіцы.

3. З’явіцца над гарызонтам, узысці. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка. Над полем падняўся вялікі чырвоны месяц. Грахоўскі. // Узвышша над чым‑н., стаць відным на фоне чаго‑н. Раптам над мураванай агароджай, якой абнесен сад, падняліся дзве бялявыя галавы. Гарбук. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). За рэчкаю, у лузе, падняўся туман. Шамякін. Над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму. Чорны.

4. Устаць на ногі. Рыгор падняўся і стаў у акне вагона. Гартны. Грузны шасцідзесяцігадовы генерал падняўся з дарагога скуранога крэсла і, цяжка адсопваючыся, прайшоўся па кабінеце. Якімовіч. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Зранку.. [Волька] старалася раней падняцца, з апаскаю глядзела на яго пасцель і скоранька адзявалася, пакуль .. [Уладзімір] не прачнуўся. Скрыган. // перан. Разм. Паправіўшыся пасля хваробы, пачаць хадзіць, рухацца. Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Цяпер ён мог, Хоць і трымаючыся за сцяну, З смалярні выйсці. Танк.

5. Устаўшы, рушыць з месца. Ваня радасна падняўся насустрач [гаспадару], нібы забыўшыся на сціпласць, працягнуў рукі. Кулакоўскі. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. // Узляцець. З трывожным крыкам паднялася з куп’я чародка маладых цыранак. Бажко. // перан. Перайсці да якіх‑н. актыўных дзеянняў. [Талаш:] — Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Колас. [Іван Маеўскі:] — Увесь народ падняўся на супастата. Шамякін.

6. Пачацца, узнікнуць. Усе заціхлі, а потым адразу падняўся гоман. Колас. У стане ворагаў паднялася паніка. Гурскі. Узышло сонца.., адтала зямля, але падняўся сівер, працінаў холадам да касцей. Шамякін.

7. Павялічыцца ў росце, дасягнуць вышэйшага ўзроўню. — Па суседству з нашай сядзібай падняўся невялічкі хвойнічак. Лужанін. Хата пачынае набываць выгляд: падняліся сцены, прарэзаліся вокны, дзверы. Навуменка. // Павялічыцца ў аб’ёме; успучыцца, стаць рыхлым. Шчака ў Алены, як гарбуз, паднялася, а вачэй у Ганны зусім не відаць, пазапухалі. Ермаловіч. На правым баку календара заставаліся лічаныя лісточкі, а левы бок яго разбух, падняўся, як цеста на добрых дражджах. Арабей. // Стаць большым за існуючую або сярэднюю норму. Цэны падняліся. □ Жанчына добра запамятала незнаёмую, бо яе так пакусалі камары, што ў дзяўчыны паднялася тэмпература, і медсястра мусіла даваць ёй уколы. Карпюк. // перан. Вырасці, стаць дарослым. Як падрос, падняўся Янка, Як ганяць стаў ў поле стада, — На жалейцы граў дзень цэлы, А зязюлька кукавала. Купала. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Мы за год памацнелі, Да новых Падняліся вышынь у жыцці. Калачынскі. [Сцяпан:] — Яна, брат, у нас паднялася. Звеннявая. Ракітны.

8. Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. раней запушчанае, заняпалае). Гаспадарка паднялася. Дысцыпліна паднялася. // перан. Стаць больш бадзёрым (пра настрой).

•••

Падняцца (узняцца) на ногі — а) устаць з месца; б) пачаць хадзіць пасля хваробы. Нарэшце, [Рауберман] паправіўся, падняўся на ногі і паехаў да свайго грознага генерала. М. Ткачоў; в) стаць дарослым, самастойным.

Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца гл. рука.

падня́цце, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. падняць (у 2, 3, 4, 8 і 9 знач.) і падняцца (у 2, 8 знач.).

падня́ць, падніму, паднімеш, падніме і падыму, падымеш, падыме; пр. падняў, ‑няла, ‑няло; заг. паднімі і падымі; зак., каго-што.

1. Узяць, падабраць што‑н. з зямлі, падлогі і пад. Некалькі баравікоў упала з кошыка. [Міколка] падняў іх, старанна абцёр ад пылу, палажыў назад. Лынькоў. [Пніцкі] падняў некалькі камянёў і вынес іх з-пад бараны на дарогу. Чорны.

2. Змагчы ўтрымаць каго‑, што‑н. цяжкае, аддзяліўшы ад зямлі, падлогі і пад. Падняць гіру. Падняць штангу. □ Раман Аўсейчык, Цішка Гулак, Сцёпка і Мікіта паднялі зруб [калодзежа] і панеслі. Колас. // перан. Асіліць, справіцца з чым‑н. [Сцяпан Гаўрылавіч:] — Аднак буйнага маштабнага твора ніхто яшчэ не стварыў. От я і ўзяўся. Трэба падняць гэты некрануты цалік. Васілёнак.

3. Перамясціць знізу ўверх. Узяў [госць] дзіця на рукі, прытуліў да сябе, падняў яго высока на руках, пачаў усміхацца, забаўляць. Чорны. Хлопчыкі паднялі ўгору свечкі і ўважліва агледзелі тупік. Арабей. // Перамясціць уверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Падняць заслону сцэны. // Загнуць уверх край таго, што можа апусціцца. Другі [незнаёмы] падняў крысо світкі, выняў кашалёк. Чарнышэвіч.

4. Перавесці ў вертыкальнае становішча, адкрываючы або закрываючы што‑н. Падняць капот аўтамашыны. □ Хлопец падняў каўнер, затуліў твар казытлівай цыгейкай. Кандрусевіч. // Падаць стаячае становішча таму, што ўпала на бок, перакулілася. У адным месцы сыпаў воз трапіў у глыбокую выбоіну і перакуліўся.. Паднялі [сын з бацькам] воз і паехалі далей. Якімовіч. // Перавесці з нахільнага становішча ўверх (пра галаву, вочы і пад.). Перамагаючы страх, пані Свідэрская падняла галаву. Паслядовіч. Моцны вецер кінуў у шыбы прыгаршчы дажджу, шкло тоненька зазвінела, і Алаіза падняла вочы ад газеты, глянула ў акно. Арабей.

5. Прымусіць устаць, зрушыць з месца. Праціўнік не здолеў зноў падняць сваіх салдат у атаку і пачаў адступаць. Гурскі. [Салдат] закурыў і сцішыўся.. Нарэшце нецярплівасць падняла яго з месца. Ён пайшоў у адну з бліжэйшых хат. Чорны. // Прымусіць устаць з пасцелі, разбудзіць. [Апанас Фаміч:] — Вячэраць і — спаць, сябры! А то заўтра мяне і стрэлам не паднімеце. Ракітны. // Успудзіўшы, выгнаць адкуль‑н. На адной палянцы [сабака] падняў зайца. Ваданосаў. // Прымусіць узняцца. Падняць пыл. // перан. Натхняючы, схіліць да якога‑н. актыўнага дзеяння. [Лясніцкі:] — Бачыў, як людзі рвуцца ў бой?.. Наша справа падняць іх, ускалыхнуць, арганізаваць на барацьбу... Шамякін. [Атаманавіч:] — Народ у нас харошы, толькі спяваць нешта развучыўся. Дык ты моладзь, моладзь падымі. Паўлаў.

6. Пачаць якое‑н. дзеянне (у спалучэнні з назоўнікамі, якія выражаюць дзеянне або вынік дзеяння). Падняць крык. Падняць смех. □ Такі стук паднялі [салдаты], што народ пачаў збягацца. Лынькоў. Становішча было вельмі вострае — адзін неасцярожны крок, і паліцэйскі падніме трывогу. Новікаў. // Узняць, узбудзіць (пытанне, справу і пад.). Я не падняў і не вырашыў ніякага пытання і нічым тут не крану чалавечай душы. Скрыган.

7. Зрабіць вышэйшым. Падняць падмурак. Падняць узровень вады. // перан. Выгадаваць, выхаваць, паставіць на ногі. Як бы там ні было, а Чэслічыха дзяўчынку падняла. І трэба сказаць, што яшчэ і не кожная ў нас кабета за родным так глядзіць, як старая за гэтай дзяўчынаю. Савіцкі. // перан. Зрабіць больш значным у чыіх‑н. вачах і пад. Пан Зыгмусь стараецца падняць свой аўтарытэт.., і гэта яму лёгка ўдаецца. Колас. — Добра, Сяргей, гаворыш, — сказаў .. [дзед]. — Калгасніца трэба ўсюды высока падняць. Брыль.

8. Павялічыць, павысіць. Падняць ураджай. Падняць цану. // перан. Зрабіць больш бадзёрым (настрой, дух і пад.). Гэты ліст надта ўзрадаваў Алёнку, ажывіў, падняў яе настрой, выклікаў цэлы рад новых пытанняў у сувязі з грамадскаю работаю. Колас.

9. Наладзіць, палепшыць што‑н. запушчанае, заняпалае. Падняць гаспадарку. □ Перажылі мы гора-ліхалецце, З руін паднялі вёскі, гарады, Найлепшы лад будуем на планеце. Жычка.

10. Узараць (папар, цаліну і пад.). [Адам:] — Купіў каня, калёсы, а плуга і бараны няма! Конь ёсць, дык няма чым зямлю падняць. Нікановіч.

11. перан. Разм. Перагледзець, шукаючы чаго‑н. [Смаляк:] — Які шафёр прывозіў [жыта]? [Кіран:] — Чужы, не ведаю. «Трэба будзе накладныя ў бухгалтэрыі падняць, — падумаў Смаляк, — і па накладных устанавіць». Ермаловіч.

•••

Падняць (узняць) вочы — глянуць на каго‑, што‑н. [Дзяўчына] ператасавала тоўстую калоду пісем, падняла на яго вочы і развяла рукамі. Адамчык.

Падняць (узняць) галаву — стаць бадзёрым, смелым, упэўненым. Як прыйшлі былі палякі, Скуратовіч падняў галаву. Чорны.

Падняць (узняць) голас — рашуча выказаць сваю думку.

Падняць (узняць) меч — пачаць вайну, пайсці супроць каго‑н. За адвечную крыўду і слёзы меч паднялі і бацька, і сын... Кляшторны.

Падняць (узняць) на ногі — а) прымусіць устаць з пасцелі, ложка і пад.; б) выгадаваць, давесці да самастойнасці. [Агапа:] — Пакуль выгадавала.. [дзяцей], падняла на ногі, цяжка было. Чарнышэвіч; в) усхваляваць, прымусіць трывожыцца, непакоіцца. Гарэлка падыме на ногі ўсіх трэстаўскіх багоў. Ён ўчыніць ім такое пекла, якога сам Люцыпар не зазнаў. Вышынскі.

Падняць на смех каго-што — высмеяць каго‑, што‑н. Кожны хацеў бы адпачыць, але было няёмка прызнацца ў гэтым. Яшчэ падымуць на смех. Асіпенка.

Падняць (узняць) на штыкі — закалоць, забіць штыком.

Падняць (узняць) руку на каго-што — зрабіць замах на каго‑, што‑н.

Падняць (узняць) сцяг — пачаць барацьбу за што‑н., у імя чаго‑н.

Як падняць — пра што‑н. цяжкае, важнае. І кнігі ўсё былі тоўстыя, вялікія, як падняць. Дамашэвіч.

падо́бна,

1. Прысл. да падобны.

2. у знач. вык. Нагадвае; як быццам. Падобна было, што збіралася на дождж. Дуброўскі.

падо́бнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць падобнага, падабенства. Падобнасць гукаў.

2. У геаметрыі — тоеснасць формы пры розных памерах. Падобнасць двух трохвугольнікаў.