Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падно́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад паднасіць.

2. у знач. прым. Паношаны, не зусім новы (пра адзенне, абутак і пад.). Нясцерпна было холадна ў летніх штанах, лапленых-недалапленых, не грэла і падношаная фуфайка. М. Ткачоў. // перан. Разм. Стараваты, змарнелы. Нікуды не ляціць, нібы прывязаны нейкай прысягай, звычайны, нават падношаны бусел. Брыль.

падны́рачны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які знаходзіцца пад ныркай.

падны́рваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да паднырнуць.

паднырну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Нырнуць пад што‑н. Паднырнуць пад лодку.

паднябе́нне, ‑я, н.

Верхняя частка поласці рота. Праўда, язык доўга не паварочваўся, не мог вымавіць некалькі такіх простых, здавалася б, слоў, нібы прысох да паднябення. Шыловіч.

паднябе́нны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да паднябення. Паднябенная косць.

2. У мовазнаўстве — такі, пры вымаўленні якога язык датыкаецца да паднябення (пра гукі мовы). Паднябенныя зычныя.

паднябе́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які распасціраецца да самага неба. У думках і ў душы [Сцяпана] Мая займала першае месца. Найлепшы замак на паднябесным краявідзе начных гор ён аддаў ёй. Дуброўскі.

2. Які знаходзіцца або адбываецца ў паднябессі. Паднябесны палёт.

паднябе́ссе, ‑я, н.

Нябесная высь. Угары ў паднябессі, асветленыя месяцам, непрыкметна праплывалі кавалкі хмар. Галавач. Водарам антонавак прапах Дол сівы ажно да паднябесся. І. Калеснік.

падняво́ліць, ‑волю, ‑воліш, ‑воліць; зак., каго-што.

Зрабіць паднявольным. Наша зямля ўкрыта курганамі і магіламі тых, хто калі-небудзь імкнуўся заўладаць ёю і падняволіць сабе наш народ. Купала.

падняво́лле, ‑я, н.

Няволя. А на зямлі быў час суровы — У падняволлі жыў народ. Машара. Мікалай Міхайлавіч быў ураджэнцам Заходняй Беларусі, першыя гады яго маленства прайшлі пры панскім падняволлі. Хадкевіч.