Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падно́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; ж.

1. Прыступка для ўваходу ў вагон, аўтамашыну і пад. Стоячы на падножцы вагона, брыгадзір пазірае ўздоўж саставу. Васілёнак. Маладыя, загарэлыя шафёры закурылі цыгаркі.. Узабраўшыся на падножку, зазірнулі ў кузаў, потым схаваліся ў кабінах. Асіпенка.

2. Удар нагой па назе або падстаноўка нагі пад нагу таго, хто ідзе ці бяжыць, каб паваліць яго. [Дзімка:] — Давай падужаемся.. — Ну што ж, давай, — кажа Вася і падступае бліжэй. — Накрыжкі? — Накрыжкі. Толькі без падножкі. Рунец.

падно́жны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад нагамі. Зноў выбіваліся [мужчыны] на сцежку, зноў браліся воўчымі логавамі, прыгінаючыся і правальваючыся ў падножнай трухліне. Чорны.

•••

Падножны корм гл. корм.

падно́с, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паднесці.

2. ‑а. Плоскі металічны, пластмасавы і пад. посуд, на якім пераносяць ежу. На падносе.. [Ніна] прынесла дзве бутэлькі віна, рыбныя кансервы, яблыкі. Шчарбатаў.

падно́сак, ‑ска, м.

Частка другой падэшвы ў абутку ад наска да палавіны ступні.

•••

На хаду падноскі адарваць гл. адарваць.

падно́сіць, ‑ношу, ‑носіш, ‑носіць.

Незак. да паднесці.

падно́ска, ‑і, ДМ ‑носцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. паднесці (у 1 знач.).

падно́скавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да падноска. Падноскавая частка абутку.

падно́счык, ‑а, м.

Той, хто працуе на падносцы чаго‑н. — Праца здараецца ўсякая. І падносчыкам трэба быць, і памагатым. Грамовіч.

падно́счыца, ‑ы, ж.

Жан. да падносчык.

падно́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паднавіць.