Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падне́бны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і паднябесны. Шчаслівы, хто адвагу мае З паднебнай высі ўзяць разгон! Гаўрусёў.

падне́сены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паднесці.

падне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. паднёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. паднясі; зак., каго-што.

1. Узяўшы ў руку (у рукі), наблізіць да каго‑, чаго‑н. Шабанаў адчапіў ад пояса бінокль, паднёс яго да вачэй. Шыцік. Дрыготкімі пальцамі запаліла [Анісся] запалку, паднесла яе да груды кулявой саломы. Лынькоў. // Прынесці, даставіць куды‑н. Паднесці мяшкі з бульбай да воза. □ [Маці] ляжала на палку і ўвачавідкі сінела. Прасіла паднесці Нюрку, цалавала яе ў шчочкі і плакала. Жычка. // безас. Прыблізіць да чаго‑н. сілай руху і пад. Цячэннем паднесла лодку да берага.

2. Дапамагчы несці; несці некаторы час. Лёнька папрасіў: — Чыжык, міленькі! Дай мне паднесці твой мяшок. У цябе рука баліць. Няхай.

3. Пачаставаць (звычайна віном). Паднесці чарку на вяселлі. □ Аўтару паднеслі вялікі збан пітнога мёду. Мальдзіс.

4. Даць што‑н. у падарунак, падарыць. Маня паднесла свякрусе мультану на плацце, а свёкру корту на рубашку. Васілевіч. Пасля першай пастаноўкі прысутныя ў зале наладзілі.. [Янку Купалу] бурную авацыю, паднеслі залаты гадзіннік, дзякавалі яму ад усёй беларускай грамадскасці і засыпалі яго кветкамі. «Полымя».

•••

Паднесці дулю — тое, што і даць дулю (гл. даць).

Паднесці пілюлю — зрабіць што‑н. непрыемнае.

Чорт паднёс гл. чорт.

падні́заны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паднізаць.

падніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак., што і чаго.

Нанізаць дадаткова, яшчэ крыху. Паднізаць пацерак. Паднізаць грыбоў на шнурок.

падні́звацца, ‑аецца; незак.

Зал. да паднізваць.

падні́зваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да паднізаць.

падніма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падняцца.

2. Зал. да паднімаць.

падніма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падняць.

падно́жжа, ‑а, н.

1. Ніжняя частка або месца ля самага нізу таго, што высока ўзнімаецца ўверх. Падножжа дуба. □ Каля падножжа гары мы ўзялі лыжы на плечы. Шамякін.

2. Тое, што і п’едэстал. Падножжа.. [манумента] абкружана багатым кветнікам. Хадкевіч. Хлопцы і дзяўчаты ў нацыянальным адзенні ўскладаюць да падножжа абеліска вянкі і букеты кветак. В. Вольскі.