Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

нараста́ць, ‑ае; незак.

1. Незак. да нарасці.

2. Павялічвацца ў памерах. Ад наносаў пяску нарастае бераг рэчкі.

3. Павялічвацца па сіле, узрастаць. Шум цягніка набліжаўся, нарастаў, ён пераходзіў у грукат. Лынькоў. Сцяпан адчуў, як у яго зноў нарастае гнеў. Асіпенка.

нараста́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад нарастаць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які робіцца мацнейшым, гучнейшым. Нарастаючыя гукі. □ Кроў пульсавала выразней, з нарастаючымі ўдарамі. М. Ткачоў.

3. Дзеепрысл. незак. ад нарастаць.

нарасто́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Растачыць у вялікай колькасці. Нарасточваць дэталей.

нарастраса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

1. Растрэсці, раскідаць у многіх месцах. Нарастрасаць гною.

2. Разбурыць вялікую колькасць чаго‑н. Ураган нарастрасаў будынкаў.

3. Згубіць на траскай дарозе многа чаго‑н. Нарастрасаць сена па дарозе.

нарастрэ́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чаго.

Тое, што і нарастрасаць.

нарасхва́т, прысл.

Стараючыся перахапіць у іншых, схапіць раней. Рабочую сілу бралі, як і заўсёды ў гэты час, нарасхват. Чорны. Зімой парабак адвозіў .. [дровы] у Глыбокае на рынак і прадаваў за добрую цану. Сухія бярозавыя плашкі .. куплялі нарасхват. Машара. // у знач. вык. Мець вялікую папулярнасць, попыт. Музыканты — нарасхват. □ — Паеду, дзядуля, у Гомель. Там, кажуць, нашы малюнкі нарасхват. Якімовіч.

нарасці́, ‑расце; пр. нарос, ‑расла, ‑расло; зак.

1. Вырасці ў нейкай колькасці. [Аляксей Цімафеевіч:] — Шмат будзе снегу — шмат улетку нарасце збожжа і фруктаў. Паслядовіч. У апошнюю вайну не толькі лес, але і хмызняк загінуў. І зноў нарос — маладыя хвойкі, бярозкі, на палянах куп’ё зацвіло чаборам, суніцы, грыбы з’явіліся. Лупсякоў.

2. Вырасці на паверхні чаго‑н. Нарасло сала. // Паступова прыстаючы, прымярзаючы да чаго‑н., утварыць нараст. За прымаразкі на размоклых дарогах нарасла тоўстая кара голага лёду. Навуменка.

3. Сабрацца, павялічыцца (аб працэнтах, грошах і пад.). Нараслі працэнты за год.

нарасці́ць, ‑рашчу, ‑росціш, ‑росціць; зак.

1. чаго. Вырасціць у нейкай колькасці. Нарасціць кветак. Нарасціць агуркоў.

2. што і чаго. Вырасціць што‑н. на чым‑н. Нарасціць мускулы. Нарасціць тлушчу.

3. што. Павялічыць у памерах, дабаўляючы што‑н. Нарасціць сцяну. Нарасціць канат.

на́расць,

гл. нараст.

нарасцяру́швацца, ‑аецца; безас. зак.

Расцерушыцца ў нейкай колькасці.