пара́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Нанесці каму‑н. рану, раніць каго‑, што‑н. Параніць руку. □ Партызаны стралялі так, каб не параніць Міколку і дзеда. Лынькоў. [Федзя:] — Дапытваліся, хто параніў таго лася... Ваданосаў. / у безас. ужыв. Сяргея Мажэйку параніла недалёка ад Берліна. Шахавец.
2. перан. Прычыніць каму‑н. душэўны боль, пакуты. Няхай Альбіна многа болю прынесла ёй, няхай параніла яе маладое сэрца, усё роўна Галя не таіла на яе ніякай злосці. Сабаленка. Хай на тварах не абсохнуць слёзы, Што душу паранілі ў дарозе. Броўка.
3. Зраніць усіх, многіх; нанесці раны каму‑н. у многіх месцах.
па́ранка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Разм.
1. Запраўленая паранай бульбай ці мукой і завараная кіпнем сечка або мякіна на корм жывёле. [Гаспадар:] — Трэба карове паранкі ў апошні раз зрабіць,.. дык я мякіну бяру... Галавач. Гарэла газнічка, трашчаў за печчу цвыркун, пахла паранкаю і падгарэлаю бульбай. Грахоўскі.
2. Параная бульба ў лушпінах. Бацька мой служыў калісьці У пана за парабка. Век галодны, рад быў лыжцы Саладухі з паранкай. Гілевіч. Увайшлі [Галя і Васіль] у цёмныя сенцы — запахла бульбай-паранкай, нечым кіслым, але прыемным. Пташнікаў.
па́ранне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле дзеясл. парыць (у 1, 2, 4, 5 і 6 знач.) і парыцца (у 1, 2 знач.).
парано́ік, ‑а, м.
Чалавек, хворы на паранойю.
парано́йя, ‑і, ж.
Хранічнае душэўнае захворванне, якое характарызуецца ўстойлівым трызненнем пры захаванні ў астатнім лагічнасці мыслення.
[Грэч. paránoia — вар’яцтва.]
па́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад парыць.
2. у знач. прым. Бараны або печаны ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары 2. [Тарас Тарасавіч] стаў надта набожны. Пасціў сам і нас прымушаў есці параны з соллю боб і талакно. Асіпенка. [Маці] паволі замешвала парсюку параную бульбу з пасечанай травою. Кавалёў.
3. у знач. прым. Апрацаваны парай 2, варам (для ачысткі, размякчэння і пад.). А потым — цэлы дзень амаль загінаў параныя чаўнакі Пракоп на капылы новых саней. Баранавых. Было горача, чамусьці пахла ў хаце свежым хлебам і паранымі венікамі. Лупсякоў.
4. у знач. прым. Кіпячоны (пра малако). Мачыха, спазніўшыся снедаць з усімі, мазала пшанічныя блінцы маслам і запівала іх параным малаком. Васілевіч.
5. у знач. наз. па́ранае, ‑ага, н. Пра страву, вараную або печаную ў закрытай пасудзіне пры дапамозе пары 2. — А ў яго [Валодзі] будзе цяпер смажанага і паранага, ды і грошы завядуцца, калі не будзе дурнем. Машара.
парападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў стане пары 2; падобны па сваіх ўласцівасцях да пары 2.
парапарава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад парапараваць.
парапарава́ць, ‑парую, ‑паруеш, ‑паруе; зак., што.
Разм.
1. Рапараваць некаторы час.
2. Паправіць, адрамантаваць усё, многае. Парапараваць абутак.
парапераграва́льнік, ‑а, м.
Спец. Апарат у кацельным агрэгаце, прызначаны для атрымання перагрэтай пары 2.