памясі́ць, ‑мяшу, ‑месіш, ‑месіць; зак.
1. што і чаго. Мясіць (у 1, 2 знач.) некаторы час. Памясіць цеста. □ Выязджаў [Русіновіч] раніцай, яшчэ поначы, і дадому дабраўся — таксама ўжо была ноч. Памясіць снегу давялося нямала. Дамашэвіч.
2. перан.; каго. Разм. Пабіць, аддубасіць. — [Віраўцы] ж цераз год залавілі Гарашуна аднаго і так памясілі, што той і памёр незадоўга. Масарэнка.
памясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.
Тое, што і змясціцца. Госці ледзь памясціліся за трыма сталамі. Гроднеў. — Дык пераходзь да мяне, — шчыра прапанаваў дзед Лукаш. — Як-небудзь памесцімся. Якімовіч.
памясці́ць, ‑мяшчу, ‑месціш, ‑месціць; зак., каго-што.
Тое, што і змясціць (у 1–4 знач.). У тую ноч Людміла доўга не магла заснуць. На гарышчы, дзе яе памясцілі, усё яшчэ было душна. Асіпенка. Печ.. у хаце стаяла так, што за ёю можна было памясціць нешырокі ложак. Курто.
па́мятаваць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., пра каго-што і з дадан. сказам.
Тое, што і помніць. — Не ведаю, як аддзякаваць вам, — казаў.. [Андрэй] у апошні вечар перад расставаннем Лідзе, — вы так багата зрабілі для мяне. Выратавалі ад смерці і памаглі пачаць жыццё па-другому, знайсці ў жыцці сваё месца. Я ўсё жыццё буду памятаваць вас. Галавач.
па́мятацца, ‑аецца і памята́цца, ‑а́ецца; незак.
Тое, што і помніцца. Памятаецца, у незабыўны дзень урачыстага адкрыцця першай чаргі .. [электрастанцыі] Яўген Валько.. прымаў віншаванні сяброў. Дадзіёмаў.
па́мятаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і памята́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак., каго-што, пра каго-што, аб кім-чым і з дадан. сказам.
Тое, што і помніць. [Волечка:] — Маці я свае не памятаю, яна даўно памерла. Чорны. Ніхто не памятае, з якіх часоў утварылася.. [балота] тут. Колас. — Трэба, каб гэтую казку заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.
па́мятка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
1. Тое, што служыць напамінкам пра каго‑, што‑н. [Жанчына:] — Хаваю [дакументы]: мала што можа здарыцца. Не хачу, каб Людміла мяне ўпікнула, што не захавала памяткі аб бацьках. Васілевіч. Паміж пустак, балот Беларускай зямлі, На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай, Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт ўцяклі, — Удзірванелы курган векавечны. Купала. // Разм. Успамін, памяць аб кім‑, чым‑н. Курортнікі фатаграфаваліся на памятку аб паўдні, звычайна, гуртам. Хомчанка. Незабудкі, рамонкі, мядункі Ты ірвала на памятку мне. Журба.
2. Кніга або лісток з кароткімі звесткамі пра што‑н., з кароткімі настаўленнямі на ўсякі выпадак. Усім камісіям былі раздадзены памяткі. У іх пералічваліся пытанні, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу пры праверцы. «Звязда». // Запіс таго, аб чым трэба помніць.
па́мятлівасць, ‑і, ж.
Здольнасць добра помніць, запамінаць. Я не раз здзіўляўся яго [Янкі Брыля] учэпістай памятлівасці. У. Калеснік.
па́мятлівы, ‑ая, ‑ае.
Які мае добрую памяць, здольны лёгка запамінаць што‑н. — Ты, мусіць, не адсюль? — пытаў.. [Чыкілёнак] і сам адказваў: — Канешне, не адсюль. А то ж я адразу цябе пазнаў бы, хоць ужо дваццаць гадоў не быў тут. Я, брат, на народу памятлівы. Чыгрынаў. — А дзе... твая барада? — пытае [Шурка] .. [Версан:] — Ты, аказваецца, памятлівы. Няма барады. Асмаліў як непатрэбную. Мехаў.
па́мятны, ‑ая, ‑ае.
1. Які добра захаваўся ў памяці, незабыўны. З адной памятай ліпеньскай ночы.. лес для мяне стаў усім — і домам, і школай, і месцам шматлікіх дзіцячых забаў і гульняў. Сачанка. Край мой! Ты памятны мне Ранкам сваім прамяністым. Броўка.
2. Які служыць для заметак, для даведак. [Уладзік:] — А як ты яго знойдзеш? — Па памятных кніжках Мінскай губерні. Колас.
3. Які служыць для напаміну аб кім‑, чым‑н., які зроблены як памяць аб чым‑н. Памятны медаль. Памятны вымпел.