Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

палітгурто́к, ‑тка, м.

Гурток па вывучэнню марксізма-ленінізма, гісторыі КПСС, бягучай палітыкі.

палітзаня́ткі, ‑каў; адз. няма.

Заняткі на грамадска-палітычную тэму. Ідуць заняткі ў школе, у кінатэатры дэманструецца новы фільм, у чырвоных кутках інтэрнатаў праводзяцца палітзаняткі. Грахоўскі.

палітзняво́лены, ‑ага, м.

Палітычны зняволены. Асноўную масу палітзняволеных складалі не вопытныя рэвалюцыянеры, а радавыя ўдзельнікі вызваленчага руху — сяляне, рамеснікі, рабочыя. Калеснік.

палітінфарма́цыя, ‑і, ж.

Паведамленне пра бягучыя палітычныя падзеі ўнутрыдзяржаўнага і міжнароднага жыцця. Звычайна палітінфармацыя праводзілася ў чырвоным кутку — прасторнай зямлянцы, што была на суседству са штабам атрада. Сіняўскі.

паліткатаржа́нін, ‑а, м.

У дарэвалюцыйнай Расіі — чалавек, сасланы на катаргу за рэвалюцыйную дзейнасць. Доўнар, былы падпольшчык і паліткатаржанін, урач па адукацыі, наогул любіў людзей. Дуброўскі.

палітмі́німум, ‑у, м.

Неабходны мінімум палітычных ведаў.

паліто́, нескл., н.

Верхняя вопратка, звычайна ніжэй каленяў, якая апранаецца на сукенку, касцюм і пад. Зімняе паліто. Дэмісезоннае паліто. Скураное паліто. □ Васіль Дзянісавіч надзеў халат, апрануў паліто, глыбей насунуў кепку і ўзяў у рукі партфель. Мележ. Валодзя быў апрануты ў добрае шэрае паліто. Новікаў.

[Фр. paletot.]

паліто́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паліто. // Прызначаны для паліто. Палітовыя тканіны.

паліто́н, ‑а, м.

Разм. Тое, што і паліто. [Яўрэй] увесь сваім абліччам выхаплены з мінулага — і чорны доўгі палітон, бліскучы картуз, і сівы клін барады, і такія ж пэйсы. Мікуліч.

палі́тра, ‑ы, ж.

1. Дошчачка, пласцінка з выразам для вялікага пальца, на якой мастак расцірае і змешвае фарбы. Маладыя хлопцы з палітрамі і пэндзлямі ў руках працавалі за мальбертамі. Машара. Самога дырэктара студэнты засталі перад расцягнутым на падромніку палатном, з палітрай у руках. Карпюк.

2. перан. Падбор фарбаў у асобнай карціне, у творчасці мастака. Палітра Тыцыяна. // перан. Сукупнасць вобразна-выяўленчых сродкаў у творчасці пісьменніка, акцёра, кампазітара і інш. У вобразнай палітры Максіма Танка пачалі поўнасцю гаспадарыць фарбы светлыя, святочныя. Рагойша. Іграючы адмоўныя ролі, я імкнуўся ў іх выкарыстоўваць усю шматкаляровую палітру фарбаў жыцця. Сяргейчык.

[Ад фр. palette, ад іт. paletta — лапатка.]