пакрыва́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. пакрываць — пакрыць (у 6 знач.).
пакрыва́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пакрывавіць.
пакрыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
1. Незак. да пакрыцца.
2. Зал. да пакрываць.
пакрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да пакрыць.
пакрыве́ц, ‑рыўцу, м.
Адна- або шматгадовая травяністая расліна сямейства бурачнікавых.
пакрыві́цца, ‑крыўлюся, ‑крывішся, ‑крывіцца; зак.
Стаць крывым, няроўным, перакошаным; пахіліцца. Пакрывіліся дошкі. □ Драўляныя сцены дзе-нідзе пакрывіліся ад часу, а месцамі бярвенне са сцен павыпіналася і ледзь ліпела. Броўка. Раскошная веранда цяпер пакрывілася. Асіпенка. // Зрабіць грымасу ад якога‑н. пачуцця; скрывіцца. — А Наталка, дзіця мілае, пашукай грыбкоў, — сказаў дзед і пакрывіўся, мусіць ад болю. Мыслівец.
пакрыві́ць, ‑крыўлю, ‑крывіш, ‑крывіць; зак., каго-што.
Зрабіць крывым, няроўным, перакошаным; пахіліць. Пакрывіць раму. □ Ні вецер .. [стог] не пакрывіць, ні завіруха, і не пацячэ ён нідзе. Кулакоўскі. // На некаторы час скрывіць у грымасе твар, рот, губы ад незадавальнення ці якога‑н. іншага пачуцця. Эма, ухмыльнуўшыся, пакрывіла вусны: — І зусім тут нічога цікавага... Ракітны.
пакры́кванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пакрыкваць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
пакры́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Крычаць зрэдку, час ад часу. Ляскалі пугі, пакрыквалі фурманы, рыпелі і грукацелі колы. Хомчанка. Недзе ў гушчары пакрыкваў драч. Грахоўскі. // Камандаваць, распараджацца, павышаючы голас. Санітары безуважна пакрыквалі: — Дарогу, дарогу! Лынькоў.
пакрысе́, прысл.
1. Патроху, у невялікай колькасці. Няня прымусіла паспрабаваць усяго пакрысе, выпіць шклянку кавы. Васілевіч. У Рамана Дзянісавіча знайшлася пляшка нейкай старой настойкі — ён наліў пакрысе ў шклянкі. Хадкевіч.
2. Абл. Паступова, павольна. Хіма, якая доўга жыла нелюдзем, пакрысе зблізілася з суседзямі, зрэдку заходзіла і да Дашынай маці. Ракітны. Фільм канчаўся, і пакрысе аціхала музыка. Вышынскі.