Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падму́рак, ‑рка, м.

1. Каменная або цагляная кладка пад што‑н.; фундамент. А вунь відзён і падмурак нейкай стадолы: значыць, і тут, у гэтай баравой глушэчы, распачалі нешта будаваць. Сабаленка. Домік стаіць на высокім, складзеным з камення падмурку і зухавата пазірае да бляску прамытымі акенцамі на пасёлак. Бяганская.

2. перан. Апора, аснова чаго‑н. Падмурак сацыялістычнай эканомікі. □ Магутнай партыі падмурак, Яе хрыбет і дыктатура, Яе граніт — рабочы клас. Бялевіч. Кірыла Тураўскі быў першы пасля Іларыёна сярод тых, хто закладваў падмурак старажытнай рускай эстэтыкі. Майхровіч.

•••

Закласці падмурак гл. закласці.

падму́ркавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да падмурка (у 1 знач.); прызначаны для падмурка. І першы падмуркавы камень Пайшоў ад яго [старшыні] па руках. Калачынскі.

падмуро́ваны,

гл. падмураваны.

падмуро́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падмуроўваць — падмураваць.

падмуро́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падмуроўваць.

падмуро́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падмураваць.

падмуро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падмуроўваць — падмураваць.

2. Тое, што і падмурак (у 1 знач.). Не было яшчэ падмуроўкі, і сцены стаялі на тоўстых, кароткіх палях. Чорны.

падмыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. падмываць (у 1 знач.) — падмыць і падмывацца — падмыцца.

падмыва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падмыцца.

2. Зал. да падмываць (у 1 знач.).

падмыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да падмыць.

2. звычайна безас. Разм. Пра моцнае жаданне што‑н. рабіць (зрабіць). Але іншы раз .. [Ігнася] так і падмывала сарвацца з месца, з крыкам праімчацца ўздоўж платоў і збіць з ног якога-небудзь важнага сямікласніка. Чарнышэвіч. Азёр дзівосных бачыў я нямала, І калі чуў, як гучна славяць іх, Мяне часамі крыкнуць падмывала: «А вы да нас загляньце хоць на міг!». Гілевіч.