Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падме́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падмяніць.

падме́рзнуць, ‑не; пр. падмёрз, ‑мерзла; зак.

Крыху, злёгку замерзнуць, зрабіцца цвёрдым ад марозу. — А марозік патрэбен ужо. Хоць бы балота падмерзла трохі, — сказаў Кастусь. Шахавец. / у безас. ужыв. На дварэ падмерзла. // Папсавацца ад нізкай тэмпературы. Падмерзлі яблыкі. □ Падмерзла кволая атава, Каліны свецяцца кусты... Матэвушаў.

падме́с, ‑у, м.

Тое, што і падмеска.

падме́ска, ‑і, ДМ ‑месцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падмясіць.

2. Тое, што падмешваюць у што‑н., да чаго‑н.

падме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце; пр. падмёў, ‑мяла, ‑мяло; зак., што і без дап.

Метучы, ачысціць паверхню чаго‑н. ад смецця, пылу і пад. Падмесці падлогу ў хаце. □ Пакуль прыбрала [Лена] у клубе, у бібліятэцы,.. пакуль падмяла дарожку ды пасыпала жоўтым пяском — звечарэла. Ваданосаў.

падме́цены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падмесці.

падме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што.

Пазіраючы, заўважыць, выявіць. Панна Людміла.. зараз жа падмеціла.. нясмеласць і замяшанне [Лабановіча], і гэта ёй, відаць, спадабалася. Колас. У кожным з герояў пісьменнік [Якуб Колас] умее падмеціць нешта добрае, чалавечае і паказаць яго. Навуменка.

падме́цца, (толькі ў форме інф. і пр. часу); зак.

Разм. Паабяцаць зрабіць, выканаць што‑н. Брыгада, якая працуе на свінаферме, падмелася адкарміць для продажу дзяржаве дзве тысячы свіней. Хведаровіч. Бацька падмеўся быць за памочніка ў старога каваля — малатабойцам. Кухараў. Падмеўся [дзед Сілівон] сплесці дзве пары лазовых лапцей. Краўчанка.

падме́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падмеціць.

падме́шаны 1, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і падмяшаны.

падме́шаны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падмясіць.