Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напускны́, ‑ая, ‑ое.

Ненатуральны, штучны, няшчыры. Напускная весялосць. Напускная суровасць. □ [У Перагуда] было многа напускнога, і ён трохі фарсіў сваім дзівацтвам. Колас. Ігар з напускной важнасцю — мужчына! — адказвае коратка: «Парадак». Данілевіч.

напусці́цца, ‑пушчуся, ‑пусцішся, ‑пусціцца; зак.

Разм. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі і пад. — Не ўмееш адказваць афіцэру! — напусціўся на .. [Карагу] камендант. Колас. — І чаго вы напусціліся на, чалавека, не разумею, — хаваючы ўсмешку, сказаў Мікола. Васілёнак.

напусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго. Даць магчымасць увайсці, дазволіць пасяліцца ў вялікай колькасці. Напусціць людзей у пакой. Напусціць жыхароў у кватэру.

2. чаго. Даць доступ куды‑н. вялікай колькасці чаго‑н. Ілья напусціў у ванну халоднай вады, пачапіў на кран сваю авоську і старанна памыў рукі. Васілёнак. — Заходзь, Ваня, заходзь! Чаго стаіш на парозе? Ды зачыняй дзверы, а то холаду напусціш! — зашаптаў камбрыг. Карпюк.

3. што. Спусціць, апусціць на што‑н. Напусціць на лоб валасы. Напусціць шапку на вочы.

4. што і чаго. Разм. (часта са словамі «на сябе»). Надаць сабе, сваім паводзінам нейкі выгляд, характар. Напусціць на сябе важнасці. □ Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд. Зарэцкі. Кірыла напусціў на сябе выгляд вінаватага — не павітаўся з рэдактарам за руку, ціха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Шамякін.

5. каго. Разм. Накіраваць для нападу. Напусціць сабак на звера. // перан. Падбіць, падгаварыць да дзеяння супроць каго‑, чаго‑н. [Віктар:] — Цяпер каб адных бежанцаў напусціў на гэтыя маёнткі, то.. за адзін дзень усё ператрушчылі б. Лобан.

6. што. Ва ўяўленні забабонных людзей — з дапамогай нейкай вышэйшай сілы наслаць на каго што‑н. Ніколі ў Курганішчы не было так ціха, як цяпер.. Нібы нейкі чараўнік напусціў сон на гэты шумлівы хутар. Бядуля.

7. што і чаго. Дадаць, павялічыць у памерах пры раскроі. Кравец напусціў на два пальцы паводле меркі.

напуха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. напухаць — напухнуць.

напуха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да напухнуць.

напу́хлы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які напух, стаў успухлым. Напухлы палец.

напу́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. напух, ‑ла; зак.

Стаць ненармальна пухлым, успухнуць. На пераносіцы між брывей у Марціна напух працяты маршчынай бугорчык. Мележ.

напха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Сабрацца, стоўпіцца ўнутры чаго‑н.; набіцца. Цяпер я разумею: людзей, што напхаліся ў будыніну, мучыла ў тую мінуту гаркота і злосць на пакутлівую неўладкаванасць ночы. Мехаў.

2. Груб. Наесціся. Напхацца кашы. Напхацца бульбы.

напха́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што. Запіхваючы ўнутр чаго‑н., напоўніць. Маці паклапацілася напхаць мяккі сяннік і прыгатаваць чыстую пасцель. Колас. Я хуценька адзеўся, пабег на гумнішча, напхаў поўны кошык смецця папалам з сенам. Ляўданскі. // чаго. Разм. Палажыць, пакласці ўнутр чаго‑н. нейкую колькасць чаго‑н. [Гаспадыня] дала Сашы клуначак з ежай, напхала сабе ў кішэні яшчэ нейкіх маленькіх пакункаў, бутэлечак. Шамякін. // перан.; каго. Разм. Сабраць у адным месцы, запоўніўшы яго да адказу. [Немцы] напхалі ў вагон сто пятнаццаць чалавек [вязняў]. Кухараў.

2. перан.; што. Груб. З’есці многа чаго‑н. Напхаць жывот бульбай.

напылі́ць, ‑пылю, ‑пыліш, ‑пыліць; зак.

Разм. Узняць пыл, нарабіць, напусціць пылу. Напыліць на дарозе. Напыліць у хаце.