напусці́ць, ‑пушчу, ‑пусціш, ‑пусціць; зак.

1. каго. Даць магчымасць увайсці, дазволіць пасяліцца ў вялікай колькасці. Напусціць людзей у пакой. Напусціць жыхароў у кватэру.

2. чаго. Даць доступ куды‑н. вялікай колькасці чаго‑н. Ілья напусціў у ванну халоднай вады, пачапіў на кран сваю авоську і старанна памыў рукі. Васілёнак. — Заходзь, Ваня, заходзь! Чаго стаіш на парозе? Ды зачыняй дзверы, а то холаду напусціш! — зашаптаў камбрыг. Карпюк.

3. што. Спусціць, апусціць на што‑н. Напусціць на лоб валасы. Напусціць шапку на вочы.

4. што і чаго. Разм. (часта са словамі «на сябе»). Надаць сабе, сваім паводзінам нейкі выгляд, характар. Напусціць на сябе важнасці. □ Дзядок перш здзіўлена вылупіў вочы, потым хацеў усміхнуцца, але абдумаўся і замест гэтага напусціў на сябе дзелавы выгляд. Зарэцкі. Кірыла напусціў на сябе выгляд вінаватага — не павітаўся з рэдактарам за руку, ціха сеў насупраць Тукалы, панурыў галаву: вось я, карайце! Шамякін.

5. каго. Разм. Накіраваць для нападу. Напусціць сабак на звера. // перан. Падбіць, падгаварыць да дзеяння супроць каго‑, чаго‑н. [Віктар:] — Цяпер каб адных бежанцаў напусціў на гэтыя маёнткі, то.. за адзін дзень усё ператрушчылі б. Лобан.

6. што. Ва ўяўленні забабонных людзей — з дапамогай нейкай вышэйшай сілы наслаць на каго што‑н. Ніколі ў Курганішчы не было так ціха, як цяпер.. Нібы нейкі чараўнік напусціў сон на гэты шумлівы хутар. Бядуля.

7. што і чаго. Дадаць, павялічыць у памерах пры раскроі. Кравец напусціў на два пальцы паводле меркі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)