Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пату́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Час ад часу, злёгку тупаць. Патупваць ад марозу.

2. Хадзіць, тупаць туды-сюды, пахаджаць. Сярод дзяўчат і хлопцаў рупліва патупваў стары Васіль Тумаш, з блішчастай сякерай за поясам. Кулакоўскі.

пату́піцца, ‑ту́плюся, ‑ту́пішся, ‑ту́піцца; зак.

Патупіць (вочы, галаву); панурыцца. Якім патупіўся, трохі памаўчаў, глыбока зірнуў на мяне. Нікановіч. Патупілася [дзяўчына], перамінаецца з нагі на нагу і не ведае, што ёй рабіць. Ракітны.

патупі́цца, ‑ту́піцца; зак.

Зрабіцца тупым, ступіцца — пра ўсё, многае. Косы патупіліся.

пату́піць, ‑ту́плю, ‑ту́піш, ‑ту́піць; зак., што.

Апусціць уніз (вочы, галаву). Лена прыкінулася, што плача, патупіла вочы і пачала выціскаць слязу. Няхай. А калі і гляне [Пракоп], дык зараз жа патупіць вочы, быццам яна [Раманіха] вінавата была перад ім. Ермаловіч.

патупі́ць, ‑туплю́, ‑ту́піш, ‑ту́піць; зак., што.

Зрабіць тупым, ступіць усё, многае. Патупіць нажы.

патура́льнік, ‑а, м.

Той, хто патурае каму‑, чаму‑н.

патура́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да патуральна.

патура́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. патураць.

патура́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Паблажліва, нястрога адносіцца да каго‑, чаго‑н., рабіць паблажку каму‑, чаму‑н. Змалку песцілі хлапчука, а потым патуралі яго свавольству. Гроднеў. — Але я ніколі, — голас Апейкі пацвярдзеў, — не патураў ворагу. Мележ.

патурбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; зак.

Паклапаціцца аб кім‑, чым‑н. [Дзед:] — Вы, брыгадзіры, патурбаваліся б, каб хлопцаў кармілі лепей. Шамякін. Калі толькі ў час патурбавацца аб кармах, то зіма пройдзе ў поўным дастатку. Самусенка.

патурбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., каго-што.

Прычыніць клопат, неспакой, турботы каму‑н.; патрывожыць каго‑н. [Пісар:] — Прабачце, Андрэй Пятровіч, што патурбаваў вас: я павінен уручыць вам пакет, бо мне прадпісана аддаць яго пад распіску. Колас. [Тварыцкі:] — Пакуль спакойна — можна прыдбаць што, а ты баішся вялікую шышку, Назарэўскага, патурбаваць. Чорны. Касоўскі адпачываў пасля абеду. — Што табе трэба, Цвіркун? — спытаў ён, нездаволены тым, што яго патурбавалі. Шамякін.

патуры́ць, ‑туру, ‑турыш, ‑турыць; зак., каго-што.

Разм. Пагнаць, выгнаць. — Доўга круціўся каля нашай хаты [сабака], пакуль малыя, каровы гонячы, не патурылі яго з вёскі. Брыль.