памяншэ́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. памяншаць — паменшыць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. памяншацца — паменшыцца.
2. Спец. Велічыня, на якую што‑н. паменшана або паменшылася.
памяня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Абмяняцца адно з адным кім‑, чым‑н. Мы памяняліся месцамі. Яна села ля акна. Я сеў з краю. Грамовіч. Цяпер ужо Кандрат Назарэўскі павёў сястру — яны памяняліся ролямі. Чорны.
памяня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Аддаць адзін прадмет, атрымаўшы ўзамен яго іншы. Наеўся Тром-сын, напіўся і памяняў гуслі на настольнік. Якімовіч. [Дзед:] — Памяняй свой тавар вось у гэтай вёсцы ды кіруй да маці. Асіпенка. // Замяніць каго‑, што‑н. кім‑, чым‑н. другім. Прыбрала я ўчора пакой. Памыла падлогу. Так ужо вышаравала, проста як новая. Бялізну на ложках памяняла, заслала пасцелі прасцірадламі. Грамовіч.
памяра́нец, ‑нца, м.
1. Субтрапічнае вечназялёнае цытрусавае дрэва з аранжава-чырвонымі пладамі.
2. Гаркаваты араматычны плод гэтага дрэва (выкарыстоўваецца ў кандытарскай справе, медыцыне і інш.).
[Ад іт. pomo — яблык і arancia — апельсін.]
памяра́нцавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да памяранца. Памяранцавая галінка. // Які робіцца з пладоў памяранца. Памяранцавая гарэлка.
2. у знач. наз. памяра́нцавыя, ‑ых. Падсямейства раслін, да якога адносяцца цытрусавыя (лімон, апельсін, памяранец і інш.).
памярко́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць памяркоўнага.
памярко́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Падатлівы, уступчывы, які лёгка прыстасоўваецца да іншых. [Макар:] — Я чалавек памяркоўны, жонцы амаль ніколі не пярэчу. Корбан. [Анэта] памяркоўная жанчына: усё сцерпіць, усюды змоўчыць. Васілевіч.
2. Які выяўляе мяккасць, цярпімасць; добразычлівы. Гарохам сыпле Богут словы, А самы тон яго прамоў То памяркоўны, то суровы. Колас. І так пачалася бяседа, спачатку памяркоўная, а пасля з грымучай гутаркай. Пестрак.
3. Які прытрымліваецца сярэдняй лініі, не схільны да крайнасцей.
памярцве́лы, ‑ая, ‑ае.
Такі, як у мёртвага, смяротна-бледны, змярцвелы; застылы. Памярцвелыя губы.
памярцве́нне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. памярцвець.
памярцве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее.
Зак. да мярцвець.