Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падбі́ць, падаб’ю, падаб’еш, падаб’е; падаб’ём, падаб’яце; заг. падбі; зак., каго-што.

1. Прыбіць што‑н. да чаго‑н. знізу. Падбіць планку да дзвярэй. // Падрамантаваць, прыбіваючы што‑н. знізу. [Антон] добра трымаў у руках сякеру, мог пашыць кажух, зваляць валёнкі, падбіць у ботах падэшву. Ракітны. — Падбіў бы хлопцу боты, а то зусім скрывіць ногі, — не раз гаварыла бацьку маці. «ЛіМ».

2. Разм. Прышыць знізу, спадыспаду ў якасці падкладкі. Падбіць паліто футрам.

3. Убіць, забіць глыбей. Падбіць цвікі.

4. і чаго. Разм. Падсунуць, падапхнуць што‑н. пад што‑н. Падбіць пад бок сена.

5. Лёгкімі ўдарамі зрабіць мякчэйшым, узбіць. Спрытна [маці] сарвала пакрывала з падушак, капу, падбіла падушкі і адгарнула коўдру. Карпаў. // Падняць уверх, узбіць (аб валасах, барадзе і пад.). Усміхнуўшыся, .. [Федзя] падбіў рукою свой чорны чуб і падняўся на ногі. Ваданосаў. Поп кашлянуў раз-другі, пальцамі падбіў уверх вусы, якія закрывалі яму рот, і, разгарнуўшы кніжку, пачаў чытаць нараспеў. Якімовіч.

6. Ударам пашкодзіць, параніць. Падбіць вока. Падбіць губу. // Ударам, штуршком паваліць, збіць з ног, прымусіць упасці. Машына падбіла чалавека. // Стрэлам, выбухам пашкодзіць, параніць. Падбіць танк. Падбіць зайца. □ Міхась з Тышкевічам не зводзілі вачэй са свайго самалёта, сачылі за ім, затаіўшы дыханне. Уцякай, хутчэй уцякай! Ну, яшчэ аднаго падбі!.. Асіпенка. // Натрудзіць ногі ад доўгай хады. [Волька] за дарогу натамілася, падбіла ногі. Мележ.

7. Разм. Падгаварыць, схіліць на што‑н. Камбінацыя трох прыяцеляў заключалася ў тым, каб падбіць Саўку за пэўную ўзнагароду звязацца з тулягамі, паўстаўшымі супроць багацеяў, і даваць аб іх інфармацыю. Колас.

8. Падсумаваць, падвесці вынікі. Падбіць баланс. □ Падбілі калонкі, праверылі наперакрыж — зарплата сышлася адразу як мае быць. Скрыган.

•••

Падбіць бабкі (канцы) — закончыць, завяршыць якую‑н. работу.

падбліжа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да падблізіцца.

падблі́зіцца, ‑бліжуся, ‑блізішся, ‑блізіцца; зак., да каго-чаго.

Разм. Стаць бліжэй па адлегласці, наблізіцца. [Рыгор] забыўся пра яду і не заўважыў, як чыесьці крокі падблізіліся да дзвярэй пакоя. Гартны.

падбо́й, ‑ю, м.

Натруджанае, падбітае месца на назе. [Чалавек] ступаў леваю нагою адно на пальцы — ад вялікай хады басанож на пяце рваў падбой. Чорны.

падбо́йка, ‑і, ДМ ‑бойцы; Р мн. ‑боек; ж.

Спец. Цяжкі ручны малаток для падбівання пад шпалы баласту. Шархнула аб зямлю рыдлёўка, бліснула на сонцы ўзнятая ўгору падбойка і ўрэзалася пад шпалу. Шынклер.

падбо́льшыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., што.

Абл. Зрабіць большым. У лямпе падбольшылі агонь, і праз акно можна было з двара бачыць, як стаяць каля стала і гаспадар, і госць. Галавач.

падбо́р, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. падабраць (у 1, 5 знач.) і падабрацца (у 1 знач.). // У жывёлагадоўлі і раслінаводстве — адбор для спарвання і скрыжавання з мэтай атрымання лепшага патомства. Падбор раслін. Падбор асобін. Штучны падбор.

2. ‑у. Тое, што падабрана; набор. Падбор кніг у асабістай бібліятэцы. Падбор кветак у букеце. // Спалучэнне (фарбаў). Марына Паўлаўна тлумачыла дзецям, якія кветкі дзе трэба садзіць, каб тады, калі яны зацвітуць, быў прыгожы падбор фарбаў... Васілевіч.

3. ‑а. Уст. Абцас, зроблены з кавалкаў скуры. [Ніна] надзела туфелькі на высокіх падборах, адышла ад люстра і азірнулася. Лобан.

•••

У падбор — падрад, у адзін радок, без абзаца.

(Як) на падбор — аб кім‑, чым‑н. аднолькавым па выгляду, якасці і пад. Пасыпаліся арэхі, буйныя, поўныя, усе як на падбор. Маўр.

падбо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падабраць (у 1, 5 знач.).

2. Спец. Шэраг артыкулаў, заметак, аб’яднаных адной тэмай і надрукаваных пад адным загалоўкам. Падборка на сельскагаспадарчую тэму.

падбо́ртны, ‑ая, ‑ае.

Такі, які кладзецца пад борт ​1 (у 2 знач.). Падбортнае палатно.

падбо́ршчык, ‑а, м.

1. Рабочы, які займаецца падборкай чаго‑н. Падборшчык футраў.

2. Прыстасаванне ў камбайне для падбору каласоў, а таксама машына для збору бавоўны, збожжа і інш.