Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паліро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. паліраваць.

2. Адпаліраваная бліскучая паверхня чаго‑н. Пад’ехала яшчэ адна машына, у паліроўцы якой адлюстравалася вуліца. Чорны.

паліро́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца паліраваннем.

паліро́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да паліроўшчык.

паліса́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Тое, што і палісаднік. [Умка:] — Я любіла кветкі, і Толя часта прыносіў мне ружы, іх мама яго вырошчвала ў сваім маленькім палісадзе. Карамазаў.

паліса́днік, ‑у, м.

Невялікі абгароджаны кветнік, садок перад домам. Пад акном Алесевай хаты, у маленькім палісадніку, летам цвілі ружы і вяргіні. Хведаровіч.

паліса́днічак, ‑чку, м.

Памянш.-ласк. да палісаднік.

паліса́ндр, ‑у, м.

Каштоўная цвёрдая цёмна-ружовая або чырванавата-карычневая драўніна некаторых трапічных дрэў, якая ідзе на выраб музычных інструментаў, мэблі і пад.

[Фр. palissandre.]

паліса́ндравы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да палісандру, зроблены з палісандру. Палісандравы шыфаньер.

палісме́н, ‑а, м.

Паліцэйскі ў Англіі і ЗША. Спрэчкі набылі ўжо такі бурны характар, што палісмен, які стаяў на ражку вуліцы, яўна зацікавіўся намі. Лынькоў. На скрыжаванні постаць палісмена застыла, як улад вышэйшых знак... А. Вольскі.

[Англ. policeman.]

паліспа́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спец. Грузападымальны механізм з камбінацыі рухомых і нерухомых блокаў, які дае выйгрыш ў сіле і скорасці пры падыманні і перамяшчэнні грузаў.

[Грэч. polýspaston, ад polý — многа і spaō — цягну.]