пакра́тацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Злёгку, трохі паварушыцца, пачаць кратацца. Акцызнік павітаўся, але вачэй на старшыню не падняў. Пакратаўся толькі, — як бы адсоўваўся і даваў яму месца на ложку. Пташнікаў.
пакра́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Дакрануцца, крануць некалькі разоў. Макараў абышоў самалёт, ступіў на крутую лесвіцу, пакратаў ручку ўпраўлення, зірнуў на прыборы. Алешка. Не заўважаючы мяне, [Аксеня] прайшлася пад павець, узяла граблі і, павярнуўшы іх, пакратала зубы: ці моцна сядзяць. Лупсякоў.
пакро́вы, ‑аў.
Царкоўнае свята, якое адзначаецца праваслаўнай царквой першага кастрычніка па старому стылю. «Прыйшлі пакровы — заганяй у хлеў каровы», — гаворыцца ў прыказцы. Якімовіч.
пакро́ены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад пакроіць (у 1, 2 знач.).
пакро́іць, ‑крою, ‑кроіш, ‑кроіць; зак., што.
1. Скроіць усё, многае. Пакроіць касцюмы.
2. Парэзаць, падзяліць на часткі ўсё, многае. Бацька пакроіў хлеб і парэзаў тонкае сала. Брыль.
3. і без дап. Кроіць некаторы час.
пакро́й, ‑ю, м.
Тое, што і крой (у 2 знач.). Вуліцу запоўнілі сотні ваенных у самай разнастайнай форме — шынялях і мундзірах рознага пакрою. Няхай.
пакро́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
1. Пачаць крочыць, пайсці куды‑н. Скруціўшы па цыгарцы, браты павольна пакрочылі да штаба. Кавалёў. Дачакаўшыся канца ўрока, Іван выйшаў на вуліцу. Пастаяўшы крыху, пакрочыў да хаты. Шахавец. Каб не ісці вуліцай, дзе можна было сустрэцца з нямецкімі патрулямі,.. [Гонка] знарок звярнула з дарогі і пакрочыла полем, потым агародамі. Сіняўскі.
2. перан. Пачаць развівацца ў якім‑н. кірунку. У чацвёртым годзе пяцігодкі [гаспадарчая] рэформа пакрочыць далей. «Звязда».
3. Крочыць некаторы час. Пакрочыць гадзіну па цэхах завода.
пакругле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм.
1. Зрабіцца больш круглым, поўным. Вочы Карніцкага пакруглелі, гнеўна заторгаліся жаўлакі. Паслядовіч. Наташа паківала галавой і засмяялася.. Вочы яе засвяціліся, пакруглелі шчокі. Пташнікаў.
2. Патаўсцець, папаўнець. Пад падбародкам у.. [Сямёна] намеціўся валлячок, пакруглеў жывот. Чарнышэвіч.
пакружы́цца, ‑кружуся, ‑кружышся, ‑кружыцца; зак.
Кружыцца некаторы час. Папера мільганула за акном, пакружылася ў паветры і знікла за вагонам. Галавач. Васіль сарваўся з месца, пакружыўся па пакоі — чагосьці не мог знайсці. Даніленка. Мохарт няўмела пакружыўся з Кацяй, сышоў з круга. Алешка.