пагубі́ць, ‑гублю, ‑губіш, ‑губіць; зак., каго-што.
1. Зак. да губіць.
2. Тое, што і пагубляць. Збягаючы з ганка, [Гертруда] пагубіла з ног незашнураваныя чаравікі і босая, калючы з непрывычкі ногі і абдзіраючы іх, выбегла за дом. Чорны.
пагубля́цца, ‑яецца; ‑яемся, ‑яецеся, ‑яюцца; зак.
Згубіцца — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Нас, нарэшце, узялі з сабой. Але папярэдзілі: — Глядзіце ж, не пагубляйцеся ў бары... Грамовіч. Аказваецца, не ўсё тое, што ведалі хлопцы з пятага класа, пагублялася ў час бадзяння па рынках і чыгуначных станцыях. Нядзведскі.
пагубля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак., каго-што.
Згубіць усё, многае або ўсіх, многіх. На ўскраіне лесу пастух пасвіў каровы; аднагучна звінелі начэпленыя на шыях у кароў званкі, — гэта рабілася для таго, каб не пагубляць у лесе жывёлу. Гурскі.
пагугня́віць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак.
Разм. Гугнявіць некаторы час.
пагудзе́ць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
Тое, што і пагусці.
пагу́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
1. Чутка, размова; вестка. Па вёсцы паўзла няпэўная пагудка пра.. паход з бомбай. Асіпенка. Увогуле,.. людская пагудка ўбірала забастовачныя падзеі ў фарбы гераічнасці. Гартны.
2. Напеў, мелодыя, песня. Я для нівы пагудку зайграю, Каб радзіла спарней дабрын[ю]. Купала.
пагука́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
1. Паклікаць каго‑н. Пагукалі дзяцей у дом.
2. і без дап. Гукаць некаторы час. Пагукала ў дзверы тройчы, — Спаў багаты грозны дом... Броўка.
пагу́кваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Падаваць час ад часу якія‑н. гукі. За сялом, на станцыі, пагукваў паравоз. Гамолка.
2. Пакрыкваць час ад часу. Коням было цяжка, гаспадары плечукамі пхалі вазы, пацмоквалі, пагуквалі. Чорны. Пагукваюць хлопцы і падважваюць бервяно. Колас.
пагу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Гуляць, не спяшаючыся; гуляць час ад часу. Пагульваць па вуліцы.
2. Забаўляцца гульнёй зрэдку або час ад часу. Цярэбіць вецер дзедаву бараду, касмыком сівых валасоў пагульвае. Колас.
пагультаява́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак.
Разм. Гультаяваць нейкі час.