Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

накры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

Пакрыцца, прыкрыцца чым‑н. зверху; захутацца. Каб не кусалі камары, Ігнат накрыўся посцілкай і спаў. Капыловіч. Лёг, накрыўся з галавой і крыху наплакаў. Чарнышэвіч. Маці, не дачакаўшыся, пакуль спыніцца снег, накрылася вялікай хусткай і пайшла ў Сасновічы па мёд. Брыль.

•••

Хвастом накрыцца (неадабр.) — знікнуць, учыніўшы што‑н.

накры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Пакрыць, закрыць каго‑, што‑н. зверху. Накрыць стол абрусам. Накрыць плечы хусткай. □ Нупрэй скінуў свой кажух, пакрыў Панаса і борздзенька кінуўся разуваць яго акрываўленую нагу. Колас. Жанчына накрыла скрынку посцілкай, прыкінула яе зверху саломай і тады змоўкла. Галавач. У гумне.. [Міхал] выцягнуў з-пад сена грошы, запакаваў у скрынку, шчыльна пакрыў зверху дошкай і хацеў забіць, але баяўся стуку. Чорны. // перан. Ахутаць, ахінуць (пра цемру, туман і пад.). Ноч.. нячутна накрыла ўсё навокал. Шыцік. // Цалкам пакрыць, закрыць сабою. Вадзік неасцярожна варухнуўся, і раптам лодка — р-раз! — перакулілася і накрыла яго з галавой. Гамолка.

2. Зрабіць дах, страху. З суседняй вёскі амаль штодня прыходзіць старэйшая дачка і просіць ад бацькі дапамогі: то накасіць сена, то хлеб абмалаціць, то хлеў накрыць. Шамякін. [Карней] хату пасля вайны перамшыў, нават шыферам пакрыў. Гроднеў.

3. Папасці ў цэль (пры артылерыйскім або мінамётным абстрэле ці бамбардзіроўцы); знішчыць. І вось браняпоезд залпамі сваёй артылерыі адразу пакрыў нямецкі штаб разам з бронемашынамі. Чорны. Над.. галовамі праляцеў з завываннем снарад, які пакрыў праціўніка. Гурскі.

4. перан. Разм. Злавіць, захапіць знянацку на месцы злачынства. [Агрыпіна:] — Нядаўна група нашай міліцыі накрыла бандытаў, захапіла аднаго ў палон. Пестрак. [Сарока:] — Накрылі банду, аднаму Хвядзьку толькі і ўдалося выслізнуць. Лобан.

•••

Накрыць (на) стол — падрыхтаваць стол для яды, паставіўшы прыборы, пасудак і інш.

накрыча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Разм. Уволю, многа пакрычаць. Варанецкі хоць і хваляваўся, але вырашыў маўчаць, пакуль не накрычыцца Гаруноў. Дуброўскі. Шыпулька накрычаўся, намахаўся рукамі і праз нейкі час таксама змоўк. Кулакоўскі.

накрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.; на каго і без дап.

Насварыцца на каго‑н. Старшыня выканкома паклікаў да сябе Алеся і накрычаў на яго за ўчынак камсамольцаў. Галавач. Тонік доўга насіў.. кулю ў кішэні, покуль яе не агледзела маці і не накрычала. Адамчык.

накры́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад накрышыць (у 1 знач.).

накры́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да накрышыць.

накрышы́ць, ‑крышу, ‑крышыш, ‑крышыць; зак., чаго.

1. Наламаць, нарэзаць дробнымі кавалкамі (пераважна аб прадуктах харчавання). Накрышыць хлеба. Накрышыць вядро капусты. □ Маці прынесла з сенцаў сыр, масла, каўбасы, халадзец, вяндліну. Нарэзала свежых агуркоў, накрышыла цыбулі. Лупсякоў.

2. і без дап. Насмеціць крошкамі. Накрышыць на стале.

накрэ́мзаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад накрэмзаць.

накрэ́мзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.

Разм. Напісаць што‑н. нядбайна або дрэнна; надрапаць. [Рамір] выняў з кішэні запісную кніжку, вырваў адтуль лісток, неразборлівымі каракулямі накрэмзаў адрас. Асіпенка. Васілінка ўздыхнула і на адваротным баку фатаграфіі алоўкам накрэмзала: «Мне хутка 7 год». Ус.

накрэ́слены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад накрэсліць.