напо́рнасць, ‑і, ж.
Тое, што і напорыстасць. — Еднасці нашай і напорнасці ворагам не зламаць! Шынклер.
напо́рны 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць для ўтварэння напору вадкасці. Напорны бак. Напорныя трубы.
2. Які дзейнічае з вялікім напорам (у 1 знач.). Напорная вада. □ Зашумелі воды, Узняліся хвалі, У напорнай плыні Крыгі паламалі. Русак.
напо́рны 2, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і напоены. Красавалася шчасцем Краіна мая І напорнай геройскаю працай. Кляшторны.
напо́рыстасць, ‑і, ж.
Уласцівасць напорыстага. Страціць напорыстасць. □ Выбіўся ў людзі Лычкоўскі без усялякай пратэкцыі і дапамогі, дзякуючы выключна сваёй цягавітасці і напорыстасці. С. Александровіч.
напо́рысты, ‑ая, ‑ае.
Які ўпарта і настойліва дабіваецца сваёй мэты. Напорысты чалавек. □ Калектыў малады, але дружны, напорысты. Паслядовіч. // Які выражае настойлівасць, поўны настойлівасці. Напорысты характар. Напорыстае патрабаванне. □ Паднялося дружнае, напорыстае «ура». Мележ.
напо́ўзацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Разм. Доўга, многа папоўзаць.
напо́ўненасць, ‑і, ж.
Паўната, насычанасць чым‑н. Псіхалагічная напоўненасць вобразаў.
напо́ўнены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад напоўніць.
напо́ўніцу, прысл.
Разм. На поўны рот, прагна (есці). А потым як бульба спячэцца, здаволены [верасень], дзьмухае, студзіць і есць напоўніцу... Васілевіч.
напо́ўніцца, ‑ніцца; зак.
1. Стаць поўным, запоўніцца да верху. Дарога стала слізкай, каляіны і лагчынкі напоўніліся вадой. Мележ. Калі коўш напоўніўся, высокі смуглы плавільшчык.. кінуў у коўш пакецік. Карпаў. // Насыціцца, запоўніцца (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Цёплы пакой адразу напоўніўся пахамі саляркі, сена, жалеза, дрэва, аўчыны, снегу. Шамякін. Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі.
2. перан. Стаць поўнасцю занятым якімі‑н. думкамі, пачуццямі і пад. Сэрца напоўнілася гонарам за сына. □ Саша пачырванела, і сэрца яе ўраз напоўнілася пяшчотай да гэтай добрай жанчыны. Шамякін. Адразу прапаў, развеяўся спакой, і душа напоўнілася трывогай. Шчарбатаў.
напо́ўніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Зрабіць поўным, запоўніць да верху. Сейбіты спрытна напоўнілі сеялку насеннем, і вось ужо агрэгат рушыў наперад. «Звязда». Бурмакоў сабраў узоры пяску, у некалькіх месцах адбіў кавалкі камяністых парод, напоўніў колбы паветрам і пайшоў да ракеты. Шыцік. // Заняць сабой поўнасцю. Ужо немцы напоўнілі .. сенцы, ужо білі ў дзверы другога паверха. Чорны. // Насыціць, запоўніць (пахамі, водарам, гукамі і пад.). Прынясе бацька з сенцаў загадзя падрыхтаванае бярэмя духмянага сена, і адразу ўсю хату напоўніць водар скошаных траў і красак. Машара. Вясёлы, дружны шум уварваўся ў школу, звонкія, шчаслівыя дзяціныя галасы напоўнілі ўвесь дом. Колас.
2. перан. Запоўніць, заняць цалкам (пра думкі, пачуцці і пад.). Прырода, вясна і маладосць напоўнілі .. [хлопцаў] жыццярадаснасць. Маўр. Тое, што .. [Булгак] тут убачыў, напоўніла яго сэрца радасцю з гордасцю. Паслядовіч.