Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

патрэ́скацца, ‑аецца; зак.

Даць трэшчыны на сваёй паверхні. Спёка стаіць страшэнная. Лісце на дрэвах прывяла. Зямля высахла і патрэскалася. Бяганская. Дзед быў хворы. Гарачка такая, што губы патрэскаліся, вочы глядзяць, але не свецяць, не пазнае нікога. Янкоўскі.

патрэ́скванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. патрэскваць.

патрэ́скваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Злёгку, час ад часу трашчаць. Лабановіч сеў супраць дзверцаў печы. Дровы ўгарэліся і весела патрэсквалі. Ад агню ішло лагоднае цяпло. Колас. [Сюзана] ішла праз скверык, і пад яе нагамі ледзь чутна патрэскваў вячэрні лядок. Навуменка.

патрэ́сці, ‑трасу, ‑трасеш, ‑трасе; ‑трасём, ‑трасяце; пр. патрос, ‑трэсла і ‑трасла, ‑трусла і ‑трасло; заг. патрасі; зак., каго-што.

1. Абтрэсці ўсё, многае; ператрэсці ўсіх, многіх.

2. і без дап. Трэсці некаторы час. [Сцёпка] няспрытна падаў руку, а.. [Аленка] так слаўна, па-прыяцельску паціснула і патрэсла яе. Колас. Патрасіце ўдзень маладую бярозку ці ліпку — і гэтыя шкоднікі [майскія жукі] градам пасыплюцца на зямлю. Матрунёнак.

патрэ́сціся, ‑трасуся, ‑трасешся, ‑трасецца; ‑трасёмся, ‑трасяцеся; пр. патросся, ‑трэслася і ‑траслася, ‑трэслася і ‑траслося; зак.

Трэсціся некаторы час. Патрэсціся ад холаду. Патрэсціся на калдобістай дарозе.

пату́гі, ‑туг; адз. патуга, ‑і, ДМ ‑тузе, ж.

1. Напружанае скарачэнне мышцаў пры якім‑н. дзеянні. Родавыя патугі. □ Зыгмусь толькі дрыгаў нагамі.., робячы адчайныя патугі вызваліцца з нечаканага палону. Лынькоў.

2. перан. Напружаныя намаганні, спробы зрабіць што‑н. Патугі непрыяцеля марныя. Яны не засцяць галоўнага — шчырасці, дружбы. Мележ. Генрыху Візэнеру не пашанцавала ў службе. Да гэтага на працягу ўсяе вайны ён ішоў толькі ўгару, праўда павольна, з патугамі, але ўпэўнена. Шамякін.

пату́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пату́жыць.

пату́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Зрабіць тугім, тужэйшым. Патужыць струны. Патужыць пояс.

патужы́ць, ‑тужу́, ‑ту́жыш, ‑ту́жыць; зак.

Тужыць некаторы час. Не адна маці, сястра ці дачка прыходзяць сюды [да абеліска] ў ціхія летнія вечары прыгадаць свайго страчанага дарагога, патужыць, паплакаць. Хадкевіч. Як пачаў ён [камар] параю З мушкай жыць — Давялося беднаму Патужыць. Багдановіч.

патужэ́ць, ‑эе; зак.

Зрабіцца тугім, тужэйшым. Зямля патужэла.

пату́зацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Тузацца, біцца некаторы час. [Стараста:] — Не трэба, панічок, мяшацца. Няхай сабе яны патузаюцца — самі разыдуцца. Умяшайся — горш будзе. Колас. Арсень быў здаровы для сваіх гадоў, і Зернавому прыйшлося добра з ім патузацца, пакуль яны зноў апынуліся на сцежцы. Нядзведскі.