паралізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.
1. Прыйсці (прыходзіць) у стан паралічу.
2. толькі незак. Зал. да паралізаваць.
паралізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
1. (часцей у форме дзеепрым. зал. пр.). Прывесці (прыводзіць) у стан паралічу, выклікаць (выклікаць) параліч. У яго паралізавана рука. / у безас. ужыв. У выніку кантузіі яму паралізавала ногі. // перан. Прывесці (прыводзіць) у аняменне, нерухомасць. Відаць страх, які адразу паралізаваў дыверсанта, быў ужо пераадолены ім. Гамолка. / у безас. ужыв. Я адчуў, як ад страху агортвае мяне хваля холаду і здранцвення. Мне спачатку паралізавала ногі, потым зайшлося сэрца, запякло ў скронях. Карпюк.
2. перан. Пазбавіць (пазбаўляць) здольнасці, магчымасці дзейнічаць; паслабіць (паслабляць) сілу, дзеянне чаго‑н. — Трэба паралізаваць нямецкія дывізіі яшчэ хаця б на некалькі тыдняў, хаця б да зімы. Шашкоў. Першая наша задача — паралізаваць чыгунку. Новікаў. Я заўсёды адчуваю старонкі позірк, ён перашкаджае, паралізуе мяне. Шынклер.
параліза́тар, ‑у, м.
Спец.
1. Вонкавае раздражненне, у выніку якога растарможваецца рэфлекс. Паралізатар тармажэння.
2. У хіміі — рэчыва, якое запавольвае хуткасць каталітычных рэакцый.
параліза́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. паралізаваць і стан паводле знач. дзеясл. паралізавацца.
паралі́тык, ‑а, м.
Разм. Хворы на параліч, разбіты паралічам.
параліты́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Хворая на параліч, разбітая паралічам.
параліты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да паралічу (у 1 знач.), да паралітыка. Паралітычная форма гарачкі.
пара́ліч, ‑у, м.
1. Хвароба, пры якой асобныя органы або частка цела трацяць здольнасць да адвольных рухаў. Параліч ног. // перан. Пра стан анямення, поўнай нерухомасці (ад якіх‑н. пачуццяў).
2. перан. Страта здольнасці дзейнічаць; бяздзейнасць. Параліч чыгункі.
[Ад грэч. parálysis — расслабленне.]
пара́лічны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да паралічу. Паралічны прыпадак.
2. Паражоны паралічам. Паралічны хворы. / у знач. наз. пара́лічны, ‑ага, м.; пара́лічная, ‑ай, ж.
парало́н, ‑у, м.
Лёгкі эластычны порысты сінтэтычны матэрыял. Кляпнёў пайшоў у калідор, скінуў сваё шыкоўнае, кароткае — па апошняй модзе — і лёгкае, на паралоне, паліто і вярнуўся назад... з бутэлькай кубінскага рому. Шамякін.