Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пагры́зціся, ‑зуся, ‑зешся, ‑зецца; ‑земся, ‑зяцеся; пр. пагрызся, ‑лася; зак.

1. Грызціся, кусацца некаторы час. Калі [Андрэй] запрог.. [кабылу] ў плуг разам з Гнядым, то яны спачатку абнюхаліся, потым пагрызліся, але хутка памірыліся. Чарнышэвіч.

2. перан. Разм. Пасварыцца. — Ну, вось што! — моцным фальцэтам перабіў размову Панця. — Пагрызціся вы яшчэ ўспееце! А мне трэба на службу! Кулакоўскі.

пагрыма́снічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

Грымаснічаць некаторы час.

пагры́мваць, ‑ае; незак.

Тое, што і пагрымліваць. На захадзе крыху пагрымвала, за далёкімі хмарамі ўспыхвалі бліскавіцы. Місько.

пагрыме́ць, ‑міць; зак.

Грымець некаторы час. Гром пагрымеў і сціх.

пагры́мліваць, ‑ае; незак.

Разм. Грымець час ад часу. Дажджу не было, але неба ўхутана было хмарамі, і ва ўсіх баках пагрымліваў гром і мільгацела маланка. Чарот. / у безас. ужыв. Недзе далёка пагрымлівала. Васілевіч.

пагрэ́баваць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе.

Зак. да грэбаваць.

пагрэ́бці, ‑грабу, ‑грабеш, ‑грабе; грабём, ‑грабяце; пр. пагроб, ‑грэбла і ‑граблі, ‑грэбла і ‑грабло; зак., што.

1. Згрэбці ўсё, многае.

2. і без дап. Грэбці некаторы час. Пагрэбці сена да абеду.

пагрэ́цца, ‑грэюся, ‑грэешся, ‑грэецца; зак.

Грэцца некаторы час. Пагрэцца каля агню. □ Мы выйшлі на лясную паляну і прыселі пагрэцца на сонцы. В. Вольскі.

пагрэ́ць, ‑граю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што і без дап.

Грэць некаторы час. У хаце Святланка і без таго насядзелася. То няхай хоць сёння сонца яе пагрэе як мае быць. Васілёнак.

•••

Пагрэць рукі — тое, што і нагрэць рукі (гл. нагрэць).

пагубі́цца, ‑губіцца; ‑губімся, ‑губіцеся, ‑губяцца; зак.

Тое, што і пагубляцца.