Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падыме́ць, ‑міць; зак.

Дымець некаторы час. Дровы падымелі і патухлі.

падымі́ць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., чым і без дап.

Дыміць некаторы час. Дзядзька Ігналь адчыніў акно, узяў люльку, падыміў крыху і зноў сеў на крэсла. Сіняўскі.

падымча́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

Хутка падбегчы або пад’ехаць. Дзяўчынка падымчалася к маці, абняла яе за ногі і зашаптала: — Мама, гэта вайна ўжо? Чорны.

падырыжы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

Разм. Дырыжыраваць некаторы час. — Ты кіруеш хорам? — Васіль падняў на ўзровень плеч руку і падырыжыраваў у паветры. Кулакоўскі.

падыскусі́раваць і падыскуці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., аб чым і без дап.

Разм. Весці дыскусію некаторы час.

пады́спад, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Адваротны бок; спод. Падыспад шапкі. Падыспад кашулі.

2. перан. Разм. Скрыты, адмоўны бок чаго‑н. [Кузьма Чорны:] — Вялікі пісьменнік [Бальзак]. Тут, братачка, нічога не скажаш. Увесь падыспад выверне табе. Скрыган. Тут [у палоне].. [Іван] убачыў падыспад фашызму і, мабыць, упершыню зразумеў, што пагібель — не самае горшае з усяго, што можа здарыцца на вайне. Быкаў.

3. у знач. прысл. Уніз; пад што‑н. Надзець падыспад. □ Мы пачалі рыхтавацца да начлегу. Дах над галавой ёсць, а падыспад можна наламаць лапак, нарваць папараці. І спі сабе на здароўе! Ваданосаў.

пады́спадам, прысл.

Унізе; пад чым‑н. Недзе падыспадам шапаціць сена, асядае, і Юрку зноў здаецца, што ціха-ціха шумяць сосны і што ён ідзе з лентай па Каралінскай пасецы. Пташнікаў.

падысці́, падыду, падыдзеш, падыдзе; пр. падышоў, ‑шла, ‑ло; заг. падыдзі; зак.

1. Ідучы, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. Хлопчыкі падышлі ўжо блізка да агародаў, як учулі плач на ўскраі вёскі. Лынькоў. Ноччу, павольна пасоўваючыся,.. [зубры] падышлі непрыкметна пад самы лагер. В. Вольскі. // Пад’ехаць, наблізіцца (пра машыну, поезд і пад.). [Задруцкі] падаўся да экскаватара — падышоў чарговы самазвал. Дадзіёмаў. [Нілаўна:] — Тузануць за шнур я павінна была тады, калі падыдзе поезд. Якімовіч. // Разм. Прыйсці, прыбыць куды‑н. Тым часам падышлі яшчэ трое чыгуначнікаў з вакзала ды два хлапцы з горада. Мурашка. Час ад часу.. [Мартын] пазіраў у акно і хваляваўся. Павінен быў падысці сын. Ракітны. // перан. Надысці, настаць (пра час, падзею і пад.). Хлеб запах суха і кісла — так, як пахне ён, паляжаўшы ў торбе паўдня на полі, пакуль не даарэцца загон і не падыдзе пара есці. Чорны. Неўзаметку падышлі экзамены. Васілевіч.

2. Прайсці крыху. За.. [Грушэўскім] крыху падышлі сябрукі, але хутка адсталі: ён ім больш не таварыш! Карпюк.

3. Прыблізіцца да чаго‑н., дайсці да мяжы чаго‑н. (пра дарогу, раку, ваду і пад.). Вада падышла да агародаў. □ Хмызняк бліжэй падышоў да рэчкі, голыя мясціны пакрыліся асакой. Дуброўскі.

4. перан. Прыступіць да чаго‑н., узяцца за якую‑н. справу. Заўважыўшы, што Васіль верыць яму, Андрэй падышоў здалёк і да галоўнага. Пальчэўскі. // Паставіцца пэўным чынам да чаго‑н. — Як бачыце, таварышы, справа вельмі сур’ёзная і падысці да яе мы павінны па-сур’ёзнаму. Васілевіч.

5. Здолець заваяваць чыё‑н. давер’е, выклікаць прыхільнасць каго‑н. да сябе. Малады настаўнік стараўся, наколькі мог, бліжэй падысці да дзіцячай душы, заслужыць давер’е вучняў. Колас. [Чубок:] — Пагавары з Кацяй, парай ёй не спяшацца. Далікатна падыдзі да яе... А там відаць будзе. Гаўрылкін.

6. Падняцца, павялічыцца (пра цеста). [Цеста] падышло, паднялося над дзежамі і нагадвала вялізныя шапкі грыбоў. Васілеўская. — Хлеб падышоў, — сказала аднойчы раніцай маці, — а пячы няма на чым — на дрывотні адна сырызна. Курто.

7. Быць прыдатным, адпаведным каму‑, чаму‑н. па сваіх памерах, якасці, форме. Кажуха ў мяне не было. Але мне добра падышла матчына куртка на ваце. Якімовіч. Хоць з бядой папалам, аднак падышла да галавы кепачка дзесяцігадовага Алёшкі. Брыль. [Сашка] падумаў аб сабе, што яму бадай лепш падышла б не цывільная, а вайсковая адзежа. Чорны.

•••

Гады падышлі гл. год.

пады́хаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чым і без дап.

Дыхаць некаторы час. Падыхаць свежым паветрам.

падыха́ць, а́е; незак.

Злёгку павяваць, дзьмуць. Падыхаў лёгкі восеньскі вецер, і сонца нехаця варочалася ў густых, цяжкаватых воблаках. Скрыган. / у безас. ужыв. З поля падыхала прыемным, мяккім ветрыкам. Гартны.

падыхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падыходзіць — падысці (у 1, 4 знач.).

2. Месца, па якім набліжаюцца, падыходзяць да чаго‑н. Падыход да мосцікаў перагароджваў калючы дрот. Карпаў. Шматслойны агонь адсякаў падыходы да рэк і водных каналаў. «Звязда».

3. Сукупнасць спосабаў, прыёмаў разгляду чаго‑н., адносін да каго‑, чаго‑н. Крытычны падыход да справы. □ Размысловіч упэўнены, што чалавек у сваёй аснове добры і толькі трэба знайсці падыход да яго. Арабей. У.. камандзіра атрада быў адзін падыход да ўсіх — грубавата-паблажлівы. Новікаў.