Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падкрада́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да падкрасціся.

падкра́двацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да падкрасціся.

падкра́навы, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца пад кранам, прызначаны для яго перасоўвання. [Каленскі:] — Правялі сюды [у порт] падкранавыя і пад’язныя чыгуначныя лініі, звязаныя з агульнай магістраллю на станцыі Пхоў. В. Вольскі.

падкра́сціся, ‑крадуся, ‑крадзешся, ‑крадзецца; ‑крадзёмся, ‑крадзяцеся; пр. ‑краўся, ‑кралася; зак.

Наблізіцца, падысці крадком, непрыкметна, паціху. [Рыль] туліцца бліжэй да чаротаў, каб спрытней падкрасціся да дзікіх качак. Колас. Аднойчы да калючай агароджы лагера падкраліся трое падлеткаў. Новікаў. // Надысці, настаць неўзаметку (аб здарэннях, з’явах і пад.). Падкралася старасць. Падкралася восень. Падкраўся страх. □ Паволі і непрыкметна падкраўся вечар. Бажко.

падкро́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падкроіць.

падкро́іць, ‑крою, ‑кроіш, ‑кроіць; зак.

1. што. Выкраіць, падганяючы да таго, што было скроена раней; паправіць выкраенае. Падкроіць рукаў. Падкроіць фальбону.

2. чаго. Разм. Нарэзаць дадаткова (пра хлеб, каўбасу і пад.). Падкроіць хлеба.

падкро́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падкройваць.

падкро́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падкроіць.

падкруглі́ць, ‑круглю, ‑кругліш, ‑кругліць; зак., што.

Крыху, злёгку закругліць, акругліць.

падкругля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да падкругліць.