Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

патрэ́баваць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе.

Зак. да патрабаваць.

патрэ́бна, безас. у знач. вык.

Неабходна, трэба. — Каб толькі так [надвор’е] пастаяла які тыдзень — то ўжо і касіць патрэбна. Гартны. Патрэбна дараваць Таму, хто памыліўся, А ворага — бязлітасна караць. Корбан.

патрэ́бнасць, ‑і, ж.

Неабходнасць у чым‑н. Патрэбнасць у харчаванне Патрэбнасць у драўніне. Матэрыяльныя і культурныя патрэбнасці. □ [Лясніцкі:] — Стаць разведчыцай ты зможаш у любы момант, калі гэта спатрэбіцца. А патрэбнасць такая будзе часта, не сумнявайся. Шамякін. // Жаданне чаго‑н., імкненне да чаго‑н. А прывітая інстытутам патрэбнасць аддаваць веды прымушала выступаць, падказваць, вучыць. Асіпенка.

патрэ́бны, ‑ая, ‑ае; патрэбен, ‑бна.

Неабходны; такі, што патрабуецца. Забрала Аленка свае пакуначкі, кніжкі і ўсе патрэбныя рэчы. Колас. [Бумажкоў] быў гаспадарнік усяго раёна: ён ведаў мясцовасць, дзе сам працуе, і яго слова было патрэбным тут. Чорны. Ноччу амаль без перашкод наблізіліся [хлопцы] да патрэбнага раёна. Кулакоўскі.

патрэнірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; зак.

Трэніравацца некаторы час. — Патрэніруйцеся, а потым і ў школе, на вечары мастацкай самадзейнасці, можна будзе выступіць. Пянкрат.

патрэнірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

Трэніраваць некаторы час. Патрэніраваць спартсменаў.

патрэ́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што або чым.

Разм. Злёгку трэсці; патрэсваць. Лукаш толькі рукамі патрэпваў ды апечаныя пальцы ў рот хапаў. Лобан.

патрэ́сванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. патрэсваць.

патрэ́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што або чым.

Разм. Злёгку, час ад часу трэсці. Конь бяжыць. Пырхае і патрэсвае грываю. Скрыган.

патрэ́сканы, ‑ая, ‑ае.

Які патрэскаўся, у трэшчынах. Праз патрэсканы асфальт выбівалася трава. Гаўрылкін. Хацелася піць, але вады паблізу не было. Аблізвалі патрэсканыя вусны ды курылі часцей, чым хацелася. Асіпенка.