памы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да памыяў; прызначаны для памыяў. Памыйная яма. Памыйнае вядро.
памыка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да памкнуцца.
памы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Разм. Мыкаць некаторы час.
памылі́цца, ‑мылюся, ‑мылішся, ‑моліцца; зак.
Зрабіць памылку. [Мяснікоў] можа памыліцца, але здольны прызнаць памылку і хутка яе выправіць. Гурскі. Хто можа з.. [Аленаю] справіцца. Не толькі на полі.. А пасадзі яе за кросны! Няхай другая паспрабуе выткаць абрусы і коўдры ў шаснаццаць нітоў! А яна не памыліцца, не зблытае. Чарнышэвіч. — Можа, мы памыліліся? — выказаў меркаванне Валодзя. — Можа, гэта зусім не конь іржаў, а птушка якая? Курто. // у кім. Скласці пра каго‑н. няправільнае ўяўленне. Каб не памыліцца ў чалавеку на вайне, трэба ўбачыць яго ў небяспецы. Новікаў.
памы́ліць, ‑мылю, ‑мыліш, ‑мыліць; зак., каго-што.
1. Злёгку намыліць.
2. і без дап. Мыліць некаторы час.
памы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Няправільнасць у дзеяннях, учынках, выказваннях, думках і г. д. Памылка ў разліках. □ [Прыборны:] — Тактычная памылка. Нельга падрыўнікоў пасылаць адных. Іх трэба прыкрываць, абараняць... Шамякін. Першая.. [Сцёпкава] памылка была ў тым, што з таго часу, як Аленка паехала ў Загор’е, ён ні разу не зайшоў да іх. Колас.
2. Няправільнае напісанне слова. Словы, на якіх мы маглі зрабіць памылку, .. [настаўніца] падкрэслівала тонам або працяжным вымаўленнем. Скрыган.
•••
Памылка друку — памылка ў тэксце, дапушчаная ў час набору, друкавання.
памылко́васць, ‑і, ж.
Якасць памылковага; няправільнасць. Толькі прайшоўшы вялікія жыццёвыя выпрабаванні, Гушка пераконваецца ў памылковасці таго шляху, якім ён ішоў. Луфераў.
памылко́вы, ‑ая, ‑ае.
Няправільны, з памылкай. Бывае, што прадбачанні нават вопытных людзей аказваюцца памылковымі. Ермаловіч.
памыля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.
Незак. да памыліцца.
памы́ляць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
Разм. Паварушыць, парухаць губамі. Сымон памыляў перасохлымі губамі, нібы збіраўся з думкамі. Чарнышэвіч. Лось нездаволена памыляў губамі і, не спяшаючыся, падаўся ў хмызняк. Паслядовіч.