Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

павучы́ны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і павуковы. Нічыпар бярэ мятлу, з усяго маху б’е па карункавых узорах павучынага рукадзелля. Асіпенка.

павучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

1. Вучыцца некаторы час. [Сцёпка:] — Каб умець жыць па-людску, дык трэба вучыцца і не толькі ведаць, што такое рабфак, а і павучыцца на рабфаку. Колас.

2. Навучыцца чаму‑н., набыць якія‑н. веды, навыкі. Чыста пабеленая печ і сцены, добра вымытая падлога, прыбраныя з густам пасцелі ўразілі дзяўчат. Было чаму павучыцца ў такой акуратнай гаспадыні. Пальчэўскі. Слава аб камуне пайшла на ўсю акругу. Шмат людзей прыходзіла паглядзець, як жывецца, як ідзе праца, а шмат хто прыходзіў і чаму-небудзь павучыцца. Чарот.

павучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго-што.

1. Вучыць самому некаторы час. Навучыць урокі. Навучыць верш.

2. Вучыць каго‑н. некаторы час. Навучыць дзяцей замежнай мове. □ Язэпа трохі дзед навучыць, І памуштруе і памучыць. Колас.

3. Разм. Вывучыць, павывучваць усіх, многіх. [Унук:] — З сынамі [дзеду] не пашанцавала. Было чатыры, а няма ніводнага. Самы малодшы, студэнт, прапаў без вестак. Усіх дзед павучыў... Навуменка.

павыбе́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Пабяліць усё, многае мелам, вапнай і пад. Павыбельваць сцены.

2. Надаць святлейшы колер усяму, многаму пры дапамозе хімічнай апрацоўкі. Павыбельваць палотны.

павыбіва́цца, ‑аецца; зак.

Выбіцца, прабіцца на паверхню — пра ўсё, многае. Зялёныя кветачкі павыбіваліся ўжо на свет скрозь сухія выцвіўшыя лісці. Колас. Пад шынялём была старая палапленая ватоўка. Шэрыя злямчаныя камякі ваты павыбіваліся з-пад лапікаў. Лынькоў.

павыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

1. Рэзкім штуршком прымусіць выпасці ўсё, многае. Павыбіваць вокны. □ І вясковыя хлопцы не праміналі, каб здзекліва запытаць, хто і за што.. [Ігару] зубы павыбіваў, што медныя ставіць давялося. Сіняўскі. // Б’ючы, топчучы, знішчыць усё, многае. Град павыбіваў пасевы. Каровы павыбівалі траву.

2. Трасучы, калоцячы, вычысціць усё, многае. Павыбіваць дываны.

3. Зрабіць вялікую колькасць паглыбленняў. Там вада, падаючы з лопасцяў, павыбівала такія ямы, што і цяпер не маглі знайсці жэрдку, якою б можна было дастаць дно. Сачанка.

4. Пракласці яздою, хадзьбой, пратаптаць многа чаго‑н. Павыбіваць сцежкі. □ Усціння ўзяла ў абедзве рукі па вядру .. і пайшла ўгору, асцярожна ступаючы ў канаўкі, якія павыбівалі капытамі коні, ходзячы на вадапой. Чыгрынаў.

павыбіра́цца, ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Выбрацца адкуль‑н., перабрацца куды‑н. — пра ўсіх, многіх. Неўзабаве ўсе Ярмаліцкія пазабудоўваюць хаты і павыбіраюцца ў іх. Чорны.

павыбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Выбраць усё, многае. Павыбіраць зярняты. // Выбраць што‑н. з усяго, многага. Дома .. [Люба] павыбірала самыя тонкія анучы, стала над вядром на калені і мыла да самага вечара. Чорны.

2. Абраць галасаваннем усіх, многіх. Павыбіраць дэлегатаў.

3. і без дап. Выбіраць некаторы час. Павыбіраць бульбу два дні.

павыблы́твацца, ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Разм. Выблытацца з чаго‑н. — пра ўсіх, многіх. Павыблытвацца з вяровак. Павыблытвацца з даўгоў.

павыблы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Выблытаць з чаго‑н. усіх, многіх або ўсё, многае. Павыблытваць ногі з дроту. Павыблытваць птушак з сіла.