Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

напатка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Ідучы, едучы, сустрэцца з кім‑н., трапіцца каму‑н. насустрач. Не паспелі .. [Лабановіч з Турсевічам] адысціся і ста крокаў ад школы, як напаткаўся памочнік пісара. Колас. На вуліцы хлопцу напаткаліся дзяўчаты, што весела і заўзята, перабіваючы адна адну, гаманілі. Мележ.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Сустрэцца, трапіцца пры чытанні, у рабоце і пад. Напаткаліся цікавыя мясціны ў кнізе.

напатка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Ідучы або едучы, сустрэць каго‑н. Па дарозе.. [Лук’янскі] напаткаў чатырох польскіх коннікаў, але яны не зачапілі гэтага мужыка. Чорны. // Выпадкова сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Я напаткаў мясціну, дзе было шмат лісічак, нагнуўся і збіраю іх. Ляўданскі. За агародамі.. [Чыжык] напаткаў знаёмы ручай, упаў і пачаў піць. Лупсякоў.

2. перан. Здарыцца, спасцігнуць (пра бяду, няшчасце і пад.). [Мікола і Таня] ніколі не гаварылі пра тое, што можа [іх] напаткаць у баі. Новікаў. Перад канцом вайны.. [Сцепаніду Андрэеўну] напаткала непапраўнае гора — прыйшла чорная вестка аб смерці сына. Шахавец. // З’явіцца, узнікнуць. І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут. Колас.

напаў...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая надае значэнне: 1) напалову, папалам з чым‑н., напрыклад: напаўшарсцяны, напаўшаўковы; 2) не зусім, не да канца, напрыклад: напаўмёртвы, напаўсветлы, напаўадчынены; 3) палавіна таго, аб чым гаворыцца ў другой частцы, напрыклад, напаўсфера.

напаўава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму паўавала. Напаўавальная дошка.

напаўаго́лены, ‑ая, ‑ае.

Амаль аголены. Напаўаголеныя галіны.

напаўадзе́ты, ‑ая, ‑ае.

Не зусім, не поўнасцю адзеты.

напаўадкры́ты, ‑ая, ‑ае.

Не зусім адкрыты, напалову адкрыты. Напаўадкрытыя вочы. □ [Алесь] з напаўадкрытым ротам слухаў, што гаварыў старшыня «Перамогі». Паслядовіч.

напаўадчы́нены, ‑ая, ‑ае.

Не зусім адчынены, напалову адчынены. Напаўадчыненыя дзверы.

напаўасве́тлены, ‑ая, ‑ае.

Слаба, дрэнна асветлены. Напаўасветлены пакой.

напаўафіцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Не зусім афіцыйны; афіцыйны да некаторай ступені. Напаўафіцыйная размова.