напатка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
1. Ідучы або едучы, сустрэць каго‑н. Па дарозе.. [Лук’янскі] напаткаў чатырох польскіх коннікаў, але яны не зачапілі гэтага мужыка. Чорны. // Выпадкова сустрэць каго‑, што‑н., натрапіць на каго‑, што‑н. Я напаткаў мясціну, дзе было шмат лісічак, нагнуўся і збіраю іх. Ляўданскі. За агародамі.. [Чыжык] напаткаў знаёмы ручай, упаў і пачаў піць. Лупсякоў.
2. перан. Здарыцца, спасцігнуць (пра бяду, няшчасце і пад.). [Мікола і Таня] ніколі не гаварылі пра тое, што можа [іх] напаткаць у баі. Новікаў. Перад канцом вайны.. [Сцепаніду Андрэеўну] напаткала непапраўнае гора — прыйшла чорная вестка аб смерці сына. Шахавец. // З’явіцца, узнікнуць. І тут у першы раз Міхала Вось гэта думка напаткала: Купіць зямлю, прыдбаць свой кут, Каб з панскіх выпутацца пут. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)