падчы́стка, ‑і, ДМ ‑стцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падчысціць.
2. Разм. Падчышчанае месца ў тэксце.
падчысту́ю, прысл.
Разм. Поўнасцю, усё без астатку. [Мацвей:] — На два сталы жывучы, грошай не збярэш. Усё ў пыл ідзе. Падчыстую. Лобан. [Пазняк:] — Навошта гэта вы лес падчыстую нішчыце? Агаляеце зямлю. Тут жа пяскі. Дуброўскі.
падчы́сціцца, ‑чышчуся, ‑чысцішся, ‑чысціцца; зак.
Разм. Стаць больш чыстым. Трэба сказаць, што Гомель за апошнія гады настолькі ўпарадкаваўся, падчысціўся, што ў некаторых выпадках можа стаць узорам і для Мінска. Сташэўскі.
падчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.
1. Зрабіць больш чыстым; прывесці ў парадак. Гулка забубнілі па зямлі раптоўныя ліўні; яны то аціхалі, то наляталі зноў і ўсё абмылі, усё падчысцілі, сагналі мутнымі пераваламі з двароў і палеткаў бруд, трэскі, салому. Лужанін. Падчысціць бы.. [рэчы], падрамантаваць, дык і пайшлі б у ход. Кулакоўскі.
2. Сцерці, саскрэбці (напісанае, надрукаванае).
3. Разм. Усё дачыста, без астатку забраць, з’есці і пад. [Маці:] — А ў каморцы і мышам ужо няма чаго есці — надоечы я ўсё да апошняй крупінкі падчысціла. Бажко.
падчыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Разм. Пачытаць выбарачна, у дадатак да раней прачытанага. Карыстаючыся вольным днём, Сцёпка падчытаў сёе-тое з таго, што ўваходзіла ў праграму яго дзейнасці на вёсцы. Колас.
2. Спец. Прачытаць услых тэкст арыгінала з тым, каб другая асоба пры гэтым зверыла тэкст копіі.
падчы́тванне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. падчытваць.
падчы́твацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падчытваць.
падчы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падчытаць.
падчы́тка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.
Спец. Дзеянне паводле дзеясл. падчытаць (у 2 знач.).
падчы́тчык, ‑а, м.
Той, хто займаецца падчыткай.