Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падкі́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. падкі́даць (у 1 знач.).

падкідны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які падкідваецца ўверх. // Прызначаны для падкідвання чаго‑н. Падкідная дошка.

2. Уст. Які тайна падкідваецца. Падкідныя лісткі.

3. у знач. наз. падкідны́, ‑ога, м. Карцёжная гульня. Насупраць адной хаты.. [жандары] спыніліся, зайшлі ў яе. Там якраз чатыры хлопцы-кавалеры гулялі ў падкіднога. Карпюк.

падкі́дыш, ‑а, м.

Дзіця, якое падкінута чужым людзям. Усынавіць падкідыша. // Пра птушак. Зязюля даволі буйная птушка, а выседжваюць яе яйкі часцей за ўсё дробныя птушкі — пеначкі, пліскі, малінаўкі. Калі з яек вылупліваюцца птушаняты, сярод іх знаходзіцца і падкідыш. Гавеман.

падкі́нуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падкінуць.

падкі́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Узляцець, падскочыць уверх. Воз падкінуўся на выбоіне.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раптоўна пачацца, прыкінуцца (пра хваробу). Потым як агнём загарэўся [Стась] — гарачка такая падкінулася. Сабаленка.

падкі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; заг. падкінь; зак., каго-што.

1. Кінуць уверх. Падкінуць мяч. □ Нехта падкінуў угару кіну лістовак. Гурскі. [Люба] хапіла на рукі сына, падкінула яго ўгару, паставіла назад на падлогу і ўзялася грэць ваду. Чорны. // Штуршком узняць уверх. Грымнулі ўзрывы. Зямля колькі разоў падкінула Смірына. Алешка. / у безас. ужыв. Машыну падкінула і нахіліла набок. Новікаў. Задрамаў ён ці не, дзед не памятаў. Раптам яго нібы спружынай падкінула. Курто. // Узняць уверх рэзкім рухам (рукі, ногі і інш.). Тут як падскочыць конь, як падкіне ўгору заднія ногі, не ўтрымаўся дзед і лёгкай птахай узвіўся ў паветра. Лынькоў.

2. Закінуць пад што‑н. Падкінуць сякеру пад лаву.

3. і чаго. Кідаючы, дадаць да чаго‑н. Падкінуць вугалю ў топку. Падкінуць гною ў глебу. □ Уладзік памаўчаў, падкінуў у агонь кавалак смаліны. Краўчанка. // перан. Разм. Даць, паслаць дадаткова. Падкінуць грошай. Падкінуць воз дроў. □ Нам няма як паветрам ці сушай Падмогу падкінуць. Куляшоў. [Лясніцкі:] — Дні праз два.. прадуктаў нам на лодках падкінуць. Шамякін. / безас. Падбавіць. — Цяпер [Андрэй] чакае, каб добра падмарозіла ды пабольш сняжку падкінула, каб вывезці калоды з лесу. Машара. // перан. Разм. Сказаць у дадатак. — Няхай курыць, .. [Валодзя] да панскага курыва прывычны, — падкінуў з’едлівае слаўцо Кастусь. Машара.

4. і чаго. Разм. Даць корму жывёле. Падкінуць карове канюшыны. □ На хаду [фурманшчык] скубянуў пярэбірак сена з чужых саней і падкінуў свайму каню. Чорны.

5. Кідаючы, наблізіць. Ахрэменка падкінуў .. [Карагу] бліжэй кісет з махоркаю. Колас.

6. Употай, тайком падлажыць. Падкінуць лістоўку. // Употай пакінуць (пра дзіця). І цёмнай восеньскай ноччу, баючыся, каб не загінуў Томі на яе руках галоднай смерцю, .. [Роза] падкінула яго на ганак аднаго прытулку для бяздомных дзяцей. Лынькоў.

7. Разм. Падвезці куды‑н. — Давай, брат, падкіну! — параўноўваючыся з салдатам, спыніў .. [шафёр] машыну. Васілевіч. «Падкінуць» на мове шафёра значыць падвезці. Шыловіч.

падкіса́ць, ‑ае.

Незак. да падкіснуць.

падкісле́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падкісліць.

падкі́слены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падкісліць.

падкіслі́цца, ‑ліцца; зак.

Разм. Стаць, зрабіцца кіслым. Квас падкісліўся.