падкараву́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., каго-што.
Разм. Падсцерагчы, высачыць каго‑, што‑н. [Балук:] — І Саўка прывядзе сюды паліцыю ці салдат. Вось тут і трэба падкаравуліць і сустрэць іх так, каб ніхто з іх не вярнуўся з лесу. Колас. [Бацька:] — Пакуль не позна, трэба ваўчыцу неяк падкаравуліць, а там, можа, і вывадак надарыцца забраць... Масарэнка.
падкараву́льванне, ‑я, н.
Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падкаравульваць — падкаравуліць.
падкараву́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падкаравуліць.
падкараці́ць, ‑рачу, ‑роціш, ‑роціць; зак., што.
Зрабіць карацейшым. Падкараціць валасы. □ [Бацька:] — Паглядзі ў матчынай скрыні якую яе сукенку. Можа што падкароціш, што падшыеш, дык яно і добра будзе. Сабаленка. // Трохі скараціць, зрабіць меншым. Падкараціць артыкул.
падкармі́цца, ‑кармлюся, ‑кормішся, ‑корміцца; зак.
Разм. Набрацца сіл, спажываючы больш каларыйную ежу, корм; паесці дадаткова.
падкармі́ць, ‑кармлю, ‑корміш, ‑корміць; зак., каго-што, чым і без дап.
1. Падмацаваць сілы, здароўе, даючы дадатковую яду. Падкарміць галадаючых. □ Змарнелых дзяцей, якія ўжо два месяцы нічога, акрамя шчаўя, не бачылі, рашылі падкарміць. Чыгрынаў. [Вясніна:] Такіх людзей, як Бондар і Рымша, трэба берагчы, іначай яны хутка згараць. Людзі з вайны, трэба падкарміць, а тут нястача. Гурскі. // Дадаць корму. Падкарміць цялят. Падкарміць рыбу.
2. Дабавіць у глебу мінеральнага ўгнаення для паляпшэння росту раслін. Падкарміць салетрай кукурузу. □ [Пазняк], бадай, не горш другога агранома ведаў, дзе трэба прапалоць [гародніну], дзе паліць, дзе падкарміць. Дуброўскі.
3. Разм. Укарміць, выкарміць. [Антось:] — Зараблю.., падкармлю кабанчыкаў. А там, зімой, будзе відаць. Скрыпка.
падкаро́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад падкараціць.
падкаро́чвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да падкарочваць.
падкаро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да падкараціць.
падкарэ́нны, ‑ая, ‑ае.
У матэматыцы — які стаіць пад знакам кораня (√). Падкарэнны лік.