Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

патрыярха́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да патрыярха (у 1 знач.). Патрыярхальны род.

2. Верны старым традыцыям. Патрыярхальны ўклад жыцця. Патрыярхальнае выхаванне. □ У доўгай паношанай світцы, падпяразанай саматканым шырокім поясам, ён [падарожнік], здалося Андрэю, прыйшоў з нейкай далёкай патрыярхальнай старыцы. Пестрак. Цяпер, калі патрыярхальныя абрады і звычаі, што паслужылі асновай прыказак, пайшлі ў забыццё, асобныя прыказкі становяцца незразумелымі. Саламевіч.

патрыярха́льшчына, ‑ы, ж.

Разм. (з адценнем зневажальнасці). Перажыты патрыярхальных адносін, звычаяў. Колас не закрывае вачэй на складанасць, супярэчлівасць сялянскай псіхалогіі, на тое, што вясковае асяроддзе тоіць у сабе нямала коснасці, патрыярхальшчыны. Навуменка. [Гаварушка:] Трэба канчаць, Дземідовіч, з гэтай патрыярхальшчынай, трэба трошкі разварушвацца. Лобан.

патрыярха́т, ‑а і ‑у, М ‑хаце, м.

1. ‑у. Апошні перыяд першабытнаабшчыннага радавога ладу, для якога характэрна панаванне мужчын у гаспадарчым і грамадскім жыцці.

2. ‑а. Царква, узначаленая патрыярхам (у 3 знач.).

патрыя́рхія, ‑і, ж.

Царкоўная вобласць, падначаленая патрыярху (у 3 знач.).

патрыя́ршаства, ‑а, н.

1. Сістэма царкоўнага кіравання з патрыярхам па чале.

2. Тое, што і патрыярхат (у 2 знач.).

патрыя́ршы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да патрыярха (у 3 знач.).

2. Такі, як у патрыярха (у 1, 2 знач.); велічны, урачысты, важны.

патрыяты́зм, ‑у, м.

Любоў да радзімы, адданасць сваёй бацькаўшчыне, свайму народу. І асабліва людзі беларускага Палесся выявілі свой гераічны патрыятызм цяпер, у час Вялікай Айчыннай вайны. Чорны. Гісторыя [піянерыі] багатая прыкладам самаадданасці, патрыятызму, сапраўднага гераізму. «Звязда».

•••

Квасны патрыятызм — нізкапаклонства перад адсталымі формамі жыцця, быту сваёй краіны, усхваленне ўсяго свайго і ганьбаванне ўсяго чужога.

[Ад грэч. patris — радзіма, бацькаўшчына.]

патрыяты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць патрыятычнага. Патрыятычнасць песні. Патрыятычнасць учынкаў.

патрыяты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да патрыёта, да патрыятызму. Патрыятычны ўздым. Патрыятычны рух. □ Жыць па высокіх нормах і законах нашай камуністычнай маралі, усталёўваць іх у працы і быце, выхоўваць у сабе — патрыятычны абавязак камуніста, кожнага савецкага чалавека. «Звязда». // Прасякнуты патрыятызмам. Патрыятычны мастацкі твор. Патрыятычная песня.

патрэ́ба, ‑ы, ж.

Неабходнасць чаго‑н., патрэбнасць. Лабановіч, наколькі мог, тлумачыў старасту, што і дзяўчаткам таксама вучыцца трэба, і даводзіў, скуль гэта патрэба вынікае. Колас. [Кацярына:] Я не так сабе прыйшла, патрэба ёсць. Крапіва. [Андрэй] ніяк не мог уцяміць, якая патрэба прывяла да яго самога Мікалая Мікалаевіча. Грахоўскі.