Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пара́іцца, ‑ра́юся, ‑ра́ішся, ‑ра́іцца; зак.

1. Папрасіць парады ў каго‑н. Параіцца з доктарам. □ Да Кірылы Арлоўскага прыязджалі камандзіры суседніх партызанскіх атрадаў, каб параіцца, як лепш арганізаваць.. тую ці іншую баявую аперацыю. Паслядовіч. — Трэба ўсё ж з металургам параіцца, — сказаў Міхал. Карпаў. Старога Юстыня ў засценку паважалі, нават параіцца да яго прыходзілі. Чарнышэвіч.

2. Абмяняцца думкамі, парадамі. Мы яшчэ параіліся між сабой, што нам рабіць з нашымі прапыленымі трафеямі, ці браць іх з сабою ці аддаць назад. Лынькоў. Параіліся мужчыны, пагаманілі і пастанавілі: аддаць гэтых дзяцей Тарасу пад апеку. Нікановіч. Хлопцы адпаўзлі метраў на дзвесце ад дарогі ў лес, каб параіцца і падсілкавацца. Краўчанка.

параі́цца, ‑раі́цца; зак.

Утварыць новы рой (пра пчол). У Хілімона на пасецы цяпер асаблівай работы не было: пчолы параіліся. Сабаленка.

пара́іць, ‑раю, ‑раіш, ‑раіць; зак., каго-што.

Даць параду, падказаць, як дзейнічаць; парадзіць. Людзі чакалі парад, а параіць Шалюта нічога не мог, бо сам не меў нічога за душою. Дуброўскі. [Міколка] перайшоў вуліцу, зайшоў на двор дзеда Нупрэя. То ж стары чалавек, яму год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. — Бацька благога табе не параіць. Савіцкі. // Даўшы добры водзыў, прапанаваць выкарыстаць каго‑, што‑н. у якасці каго‑, чаго‑н. Сяргей пачаў прыкідваць, каго можна было б параіць на яго цяперашнюю пасаду. Шахавец. Зубру патрэбен быў памочнік дзелавіты. І вось на гэты пост яму параілі Каня. Корбан.

парако́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Воз, павозка, запрэжаныя парай коней. На настаўніцкі двор уз’ехала натоптаная сенам скарбовая параконка. Лобан.

парако́нны, ‑ая, ‑ае.

Запрэжаны парай коней; прызначаны для пары коней. З-за грудка паказалася параконная падвода. Гартны. Яшчэ за некалькі дзён да васемнаццатага калгаснікі паставілі ў Клемсавай клеці сем параконных плугоў. Галавач.

параксі́зм, ‑у, м.

1. Моцны прыступ якой‑н. хваробы або абвастрэнне яе, якое адбываецца перыядычна. Параксізм кашлю.

2. перан. Прыступ якога‑н. душэўнага ўзбуджэння, пачуцця і знешняя яго праява.

[Грэч. paraxysmós — узбуджэнне, раздражненне.]

паралагі́зм, ‑у, м.

Спец. Няправільны вывад у выніку ненаўмыснай лагічнай памылкі.

[Ад грэч. paralogismós.]

паралагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да паралагізму, які з’яўляецца паралагізмам. Паралагічны вывад.

парала́кс, ‑а, м.

Спец.

1. Уяўнае змяненне становішча прадмета як вынік перамяшчэння вока назіральніка.

2. У астраноміі — вугал, які вымярае ўяўнае зрушэнне свяціла пры перамяшчэнні назіральніка з аднаго пункта прасторы ў другі. Гадавыя паралаксы планет.

[Грэч. parállaxis — адхіленне.]

паралакты́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да паралакса. Паралактычнае зрушэнне.

паралангі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Спартсмен — парашутыст і аквалангіст.

[Ад фр. parachute, лац. aqua — вада і англ. lung — лёгкае.]