Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пако́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пакорнага.

пако́рны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пакорлівы. Марыля была ціхая, пакорная работніца і жаль свой дзявочы хавала глыбока. Брыль.

•••

Ваш пакорны слуга (уст.) гл. слуга.

пако́рпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і пакарпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Корпацца (карпацца) некаторы час. Баракаў пакорпаўся колькі хвілін у машыне, сеў за штурвал і даволі-такі добра.. павёў камбайн. Шамякін. Стары пакорпаўся ў галавах сваіх нараў і паставіў на стол бутэльку. Брыль. Дар’я пакорпалася крыху на градах, вырвала некалькі пустазелін і падалася ў бок. Бяганская.

пако́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і пакарпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Узрыць, ускапаць паверхню чаго‑н. у многіх месцах. Свінні пакорпалі навокал [агароджы] зямлю, першая ад разгароджанага месца града была здрасавана ўшчэнт. Чорны.

2. Корпаць (карпаць) некаторы час. Стары рыбак пакорпаў галінкай абгарэлае сучча ў вогнішчы — проста так, ні для чаго, — і пачаў [расказваць]... В. Вольскі. [Мароз] выняў з шуфляды запалку, пакарпаў ёю ў люльцы. Лобам.

пако́с, ‑у, м.

1. Месца касьбы (сенажаць, поле, прызначаныя для касьбы). Ужо з абеда пачалі [грабцы] прыбываць на пакос. Гартны.

2. Касьба. Ад зоркі да мроку, з перапынкамі на полудзень, .. [мужчыны] на пакосе. Пташнікаў. // Час, пара касьбы. З вясны, усё лета, пакуль не надыдзе пакос, тут для ўсіх быў чароўны, нібыта райскі куток. Грамовіч.

3. Тое, што і пракос. [Луг] скасілі, але зграблі не ўсюды — перашкодзілі дажджы.. Пакосы ўраслі ў атаву. Сачанка. Зноў шпарка захадзілі косы, кладучы пакос за пакосам. Каваль.

пако́ст, ‑у, М ‑сце, м.

Спецыяльна апрацаваны алей або тлушч, якія прымяняюцца для прыгатавання алейных фарбаў, лакаў, грунтоўкі, кіту і інш.

[Польск. pokost — лак.]

пако́ўзацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Коўзацца некаторы час. На рэчку хлопцы выбягалі Крыху пакоўзацца на лёдзе. Колас.

пако́ўзвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Коўзацца час ад часу.

пако́ўка 1, ‑і, ДМ ‑коўцы, ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пакаваць ​1.

пако́ўка 2, ‑і, ДМ ‑коўцы; Р мн. ‑ковак; ж.

Спец. Апрацаваны каваннем або штампоўкай кавалак металу. Каленчатыя валы куюць са стальных паковак.

пако́ўнасць, ‑і, ж.

Ёмістасць; умяшчальнасць.