Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пагрубе́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які стаў, зрабіўся грубым, грубейшым. Пагрубелыя рысы. Пагрубелыя рукі.

2. Разм. Які стаў, зрабіўся поўным, паўнейшым. Пагрубелы мужчына.

пагрубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць, зрабіцца грубым, грубейшым. Твар Залеціна дзіўна пагрубеў за дзень. Хадкевіч.

2. Разм. Стаць, зрабіцца поўным, паўнейшым. Нават у паліто было відно, як пагрубела .. постаць [Лёдзі]. Карпаў.

3. Абл. Стаць цяжарнай. Дзівачка мая Марылька. Якая яна сарамяжая. Як стала відно, што пагрубела, дык з кватэры не мог выцягнуць. Сабаленка.

пагрубія́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.

Грубіяніць некаторы час.

пагру́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пагрузіць.

пагружа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да пагрузіцца (у 2 знач.).

2. Зал. да пагружаць.

пагружа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пагрузіць (у 1 знач.).

пагруза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пагрузнуць.

пагру́зачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пагрузкі. Пагрузачныя работы. // Які прызначаны для пагрузкі. Пагрузачныя машыны.

пагрузі́цца, ‑гружуся, ‑грузішся, ‑грузіцца; зак.

1. Прыняць, забраць які‑н. груз; нагрузіцца. Параход пагрузіўся за два дні.

2. Сесці на які‑н. транспарт. Пагрузіцца на параход. Пагрузіцца ў вагоны. □ Каля цягніка быў ужо сакратар райкома і кароткімі сухімі рэплікамі наводзіў парадак. Чатыры тысячы чалавек пагрузіліся за дзесяць хвілін. Мікуліч.

пагрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.

1. Змясціць на які‑н. транспарт груз, людзей і пад. Пагрузіць у машыны людзей. Пагрузіць дровы. □ Мінута — батальён на нагах.. Пагрузілі на лодкі ўсе кулямёты. Колас.

2. і без дап. Грузіць некаторы час.