павуці́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да павуціны. Жоўты халадок над балацінаю... Робіць ліст апошні свой віток І плыве ў невад павуцінавы Казачнаю рыбкай залатой. Камейша.
павуці́ністы, ‑ая, ‑ае.
З павуцінай, ахутаны павуцінай; які нагадвае павуціну (у 1 знач.). Павуціністае ржышча. □ Дзень-два кароткага сонечнага павуціністага бабінага лета, і зноў дажджы, нудныя, халодныя, беспрасветныя. Сачанка.
павуці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш. да павуціна.
2. Вязанне або вышыўка, падобная на сетку.
•••
Вісець (ліпець) на павуцінцы гл. вісець.
павуці́нне, ‑я, н., зб.
Павуціна. Пад дахам было шмат павуціння. Бядуля. У небе свяціла сонца і плыло срабрыстае павуцінне. Краўчанка.
павуці́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да павуціны (у 1 знач.). Павуцінная сетка.
2. Такі, як павуціна (у 1 знач.). Павуцінныя ніткі.
павуча́льнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць павучальнага. Нарэшце Ладымер пачаў надаваць сваёй гаворцы тон павучальнасці. Чорны.
павуча́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які можа навучыць чаму‑н., можа быць выкарыстаны як прыклад. Павучальны ўрок гісторыі. Павучальныя вынікі. □ Шмат яшчэ цікавага і павучальнага расказаў .. [стары] у гэты вечар. Ляўданскі. Жыццё Леніна — павучальны прыклад для моладзі. «Полымя».
2. Які ўтрымлівае ў сабе павучанне, мае характар павучання. Павучальная гутарка. □ Я. Купала пісаў і павучальныя байкі, у якіх высмейваў паасобныя недахопы, уласцівыя людзям. Казека. // Які бывае звычайна пры павучанні. Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Мележ. Іван усміхаўся, адчуўшы павучальны тон сваіх слоў. Шахавец.
павуча́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. павучаць.
2. Парада, настаўленне. Асабліва безуважным быў Грышка да дзедавых павучанняў, калі недзе яго чакалі сябры... Паслядовіч. — Другі раз, перш чым сказаць што, падумай, — папярэдзіў [Валодзю] Паўлік, які любіў чытаць хлопцам павучанні. Рунец.
3. Пропаведзь, прамова, якія ўтрымліваюць павучальныя парады. Сказаць павучанне.
павуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.
Даваць павучальныя парады, настаўленні. — На паходзе, на вайне разведка і сувязь маюць дужа важнае значэнне, — павучаў.. [Букрэй] дзеда. Колас. Тапурыя ўсё яшчэ павучаў .. [Вано], як трэба сябе трымаць пры старэйшых. Самуйлёнак. // Гаварыць павучанні. — Што ж, рамантыка павінна ўступаць перад рэальнай неабходнасцю, — адчуваючы сваю перавагу, павучаў Беразінец. Броўка. — Абыякавасць — такая загана, якой я не дарую, — Булай і зараз не мог ўстрымацца, каб не навучаць. Шыцік.
павучо́к, ‑чка, м.
Памянш.-ласк. да павук (у 1 знач.).