падзіва́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.
Разм. Дзівачыць некаторы час. Падзівачылі крыху і хопіць.
падзіві́цца, ‑дзіўлюся, ‑дзівішся, ‑дзівіцца; зак.
1. з каго-чаго, каму-чаму і без дап. Прыйсці ў здзіўленне, здзівіцца. Міколка падзівіўся з дзеда, з яго незвычайнай спрытнасці. Лынькоў. Косця зірнуў у той бок, дзе працавала Марынка, і падзівіўся яе смеласці. Шыцік. — А братка ж ты мой! — ціха падзівіўся нехта. Чорны.
2. на каго-што, з дадан. сказам і без дап. Паглядзець са здзіўленнем, захапленнем або з цікавасцю. Суседзі не раз прыходзілі падзівіцца на такі незвычайны ўраджай. Новікаў. Выйду я на ўзгорак, Стану, падзіўлюся, Песняю зальюся. Трус. Пры беразе тоўпілася нямала народу, былі тут дарослыя і дзеці — ведама, каму не цікава падзівіцца, як рака.. скідвае з сябе ледзяное покрыва. Хадкевіч.
падзіма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Дзьмуць злёгку або час ад часу. Цёплы ветрык падзімаў у шчыліну між бярвення. Лынькоў. Ноч. Доўгая, асенняя. У твар час ад часу падзімае прыемнай прахалодай. Навуменка.
падзі́мні, ‑яя, ‑яе.
У выразе: падзімняя сяўба гл. сяўба.
падзі́на, ‑ы, ж.
Спец. Под. Разбурэнне падзіны.
падзіра́віць, ‑раўлю, ‑равіш, ‑равіць; зак., што.
Нарабіць дзірак у чым‑н. Падзіравіць вядро. / у перан. ужыв. Учора ж адвячоркам, ледзь падзьмуў сівер, з-за хмар выбліснула сонца, а ноччу неба падзіравілі зоркі. Калодзежны.
падзірване́ць, ‑ее; зак.
Зарасці травой, пакрыцца дзірваном (у 1 знач.). Каб пераскочыць цераз .. [акоп], трэба было паставіць каня насупроць аднаго з выступаў, якія калісьці былі выразаны ў жвірыстай зямлі, а цяпер паабсыпаліся і падзірванелі. Чорны.
падзі́ў, ‑дзіву, м.
Разм. Паводле забабонных уяўленняў — хвароба, якая ўзнікае ад урокаў. — Дык што з вамі такое? — запытала суседка, зайшоўшы ў хату. — Сціснула ў грудзях, не дыхнуць. — Ці не з вачэй толькі вам. Можа бабку Макарыху паклікаць? Няхай падзіў адкіне. Пальчэўскі.
падзічэ́ць, ‑эе; зак.
1. Стаць, зрабіцца больш дзікім. Сабака падзічэў.
2. Стаць, зрабіцца дзікім — пра ўсё, многае або ўсіх, многіх. [Сахрон:] — Усё ж чыста спалена, разбурана... Поле зарасло, лугі падзічэлі... Сачанка.
падзіша́х, ‑а, м.
Тытул манарха ў некаторых усходніх краінах. // Асоба, якая мае гэты тытул.
[Перс. pādišah — цар.]