паскрэ́бціся, ‑скрабуся, ‑скрабешся, ‑скрабецца; ‑скрабёмся, ‑скрабяцеся; пр. паскробся, паскрэблася; зак.
Скрэбціся некаторы час.
паску́бваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Скубці час ад часу. Варанецкі вёў свайго Дэраша на павадку і пакрыху даваў яму паскубваць густую сакавітую траву. Дуброўскі.
паску́бены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паскубці.
паску́бці, ‑скубу, ‑скубеш, ‑скубе; ‑скубём, ‑скубяце; зак., каго-што.
1. Саскубці ўсё, многае.
2. перан. Нанесці ўрон, шкоду. — То гэта І вас палякі паскублі, калі мы чалавека ратавалі і хацелі стрэльбу ў паляка адабраць? Чорны.
3. і без дап. Скубці некаторы час. — Адпражы [каня], няхай трошкі паскубе на мяжы. Якімовіч.
паскуго́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.
Скуголіць некаторы час.
паску́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, м. і ж.
Разм. лаянк. Брыдкі, агідны, несумленны чалавек. Ну кінуў бы зладзейства, жыў як людзі, Дык паспрабуй жа, давядзі паскудзе! Валасевіч.
паску́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
Разм. груб.
1. Рабіцца дрэнным, запэцканым; псавацца.
2. Зал. да паскудзіць (у 2 знач.).
паску́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
Разм. груб.
1. Пакідаць пасля сябе бруд; гадзіць. Добрая птушка ў сваё гняздо не паскудзіць. Прыказка.
2. што. Брудзіць, пэцкаць; псаваць. Гусі топчуць і паскудзяць густую, сакаўную траву. Сачанка. — Гэта што? Сцены паскудзіць? Казённае памяшканне псаваць? Ці мала смецця ўсюды, дык яны яшчэ на сцены вешаць... Лынькоў.
3. перан. Рабіць гадасці, шкодзіць. Верыць людзям — закон нашага жыцця. А нелюдзю, ашуканцу не абавязкова верыць. Яго трэба браць за шкірку адразу, як толькі ён пачне паскудзіць. «Вожык». // Няславіць, ганьбіць, чарніць. Паршывая аўца ўвесь статак паскудзіць. Прыказка.
паску́дна,
1. Прысл. да паскудны (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Агідна, брыдка. Веры ад гэтага не палягчэла. На душы было паскудна. Асіпенка.
паску́днік, ‑а, м.
Разм. груб. Той, хто робіць гадасці, паскудства. — Як бы гэта лёгка было жыць на зямлі, каб за кожнае паскудства паскуднік чакаў немінучай кары. Караткевіч. — А зараз, выходзіць, я вінаватая, што той паскуднік, бацька маёй дарагой дачушкі, гэтак зганьбіў усё і ўцёк, як шкодны кот. Радкевіч. // Ужываецца як лаянкавае слова. [Ладымер:] — Што ты робіш, паскуднік! Лом у садзе ты пазбіраў? Чорны.