Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паразуме́нне, ‑я, н.

Згода, аднадушнасць, разуменне адзін аднаго. Успамінаючы дэталі, людзей.., [Максім з Апанасам] усё бліжэй даходзілі да паразумення. Машара.

паразуме́цца, ‑еюся, ‑еешся, ‑еецца; зак.

Прыйсці да згоды, аднадушнасці; дагаварыцца. [Мікіта:] — А я выберу такую, як сам. Як-небудзь паразумеемся... Ракітны. Ці не час паразумецца: што такое літаратурная старонка? Лужанін.

паразумне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Стаць разумным, разумнейшым. Непрыкметна ў дзетдоме перамяніліся яны [хлопцы], інакшымі сталі. Выраслі, узмужнелі, паразумнелі. Нядзведскі. // Стаць больш разважлівым; абдумацца. [Зося:] — Ты зверам робішся! У цябе душа, як у гада. Я думала, што ты паразумнееш, што ты будзеш магчы пераступіць часамі і высокі цяжкі парог, калі трэба. Чорны.

паразыхо́дзіцца, ‑дзіцца; ‑дзімся, ‑дзіцеся, ‑дзяцца; зак.

Разысціся — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх. Увечары, калі хлопцы паразыходзіліся, хто ў парк, хто ў кіно, Сашка застаўся адзін у пакоі. Гроднеў. Толькі тады, калі дзяўчаты паразыходзіліся з гулянкі дамоў, ён, наламаўшы бэзу ў сваім агародчыку, прыйшоў да Ліды пад акно. Дайліда. Паразыходзіліся тыя хлопцы па свеце, хто куды. «ЛіМ».

параз’яда́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад параз’ядаць.

параз’яда́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Раз’есціся — пра ўсіх, многіх.

параз’яда́ць, ‑ае; зак., што.

Раз’есці ўсё, многае. — Бачыш, як [луг] параз’ядаў мае пальцы, — паказвае бабка ружовыя ранкі на пальцах. Каліна.

параз’язджа́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Раз’ехацца — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Аўчароў прыехала некалькі, але разам яны не асталіся, а параз’язджаліся па маёнтках. Чорны. Штаны-ватнікі зіму служылі, яшчэ зіму паслужаць, вага ані нідзе не параз’язджалася і ў кучу не пазбівалася. Ермаловіч.

паразяўля́цца, ‑яецца; ‑яемся, ‑яецеся, ‑яюцца; зак.

Разявіцца — пра ўсіх, многіх. [Ураднік:] — Чаго паразяўляліся? Марш па хатах. Асіпенка.

паразяўля́ць, ‑яе; ‑яем, ‑яеце, ‑яюць; зак., што.

Разявіць (рот, пашчу) — пра ўсіх, многіх. Раты паразяўлялі ўсе, недасмактаныя цыгаркі самасейныя ў вуснах засталіся. Нікановіч. Эма паднялася ды так складка адказала, што мы ўсе раты паразяўлялі. Лупсякоў.