паграні́чча, ‑а, н.
Месца, зона, раён на граніцы. У штабе атрада мне паказалі адзін з шматлікіх дакументаў мужнасці. Два лісточкі паперы, на якіх формай рапарта начальніка заставы коратка і суха гаварылася аб змаганні і смерці васемнаццаці герояў пагранічча. Брыль.
паграшы́ць, ‑грашу, ‑грэшыш, ‑грэшыць; зак.
Грашыць некаторы час.
пагро́за, ‑ы, ж.
1. Абяцанне зрабіць каму‑н. зло, непрыемнасць. Выказаць пагрозу. Не звяртаць увагі на пагрозы. □ [Мужчыны] стаялі на раллі вакол Міхалкі, закурвалі і моўчкі слухалі аканомавы пагрозы. Галавач. Пагрозы [Волькі] кінуць участак і не ступіць больш на яго нагой былі, безумоўна, пустой гаворкай. Васілевіч. // Злосць, пагрозлівы тон. У голасе бацькавым была пагроза і крыўда, што і дачка не будзе слухаць яго. Тады ўсяму канец. Каваль.
2. Небяспека, якая тоіцца ў чым‑н. Пагроза смерці. □ Пад пагрозай атруты [хлопцы] выкінулі нямала і добрых грыбоў. Маўр. // Тое, што стварае небяспеку. Фашызм — пагроза міру на зямлі.
пагро́злівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць пагрозлівага. Ніколі раней Аляксей не чуў такой пагрозлівасці і рашучасці ў голасе Сашы. Новікаў.
пагро́злівы, ‑ая, ‑ае.
1. Які выражае пагрозу. Пагрозлівы выраз твару. Пагрозлівыя словы. □ Хлопец увесь час адчуваў калючы, насцярожаны, папераджальны і пагрозлівы бацькаў позірк. Шамякін.
2. Які тоіць у сабе пагрозу. Толькі жоўтыя трасіры памчаліся ў невядомую, цяпер пагрозлівую цемень... Лупсякоў. З першых сваіх крокаў шахтапраходчыкі сустрэліся з вельмі пагрозлівымі з’явамі. Кулакоўскі. Алесь расказаў пра дарогу, пра размову з прафесарам, пра тое, як гучала песня ў снягах, пра пагрозлівы сон. Караткевіч.
пагро́зны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і пагрозлівы (у 1 знач.). Аднаго разу пагрознае гудзенне [самалёта] пранеслася над самымі хвоямі. Лынькоў.
пагро́м, ‑у, м.
1. Разарэнне чаго‑н., разгром. Мацей са сваёй хэўрай за паўгадзіны зрабіў у Перцавай хаце сапраўдны пагром. Дамашэвіч. З усмешкай пазіраючы на партызанскіх дактароў, .. [камандзір] пачынаў расказваць, як [лісіца] не раз учыняла пагром на кухні санчасці. Няхай.
2. Рэакцыйна-шавіністычнае выступленне супроць якой‑н. нацыянальнай групы насельніцтва, якое суправаджаецца грабяжом маёмасці і масавымі забойствамі. У.. [мястэчку Турцы] у кастрычніку 1941 года адбыўся першы ў Баранавіцкай вобласці яўрэйскі пагром. Брыль.
пагро́млены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад паграміць.
пагро́мны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пагрому. // Які заклікае да пагрому.
пагро́мшчык, ‑а, м.
Удзельнік або арганізатар пагрому. Фашысцкія пагромшчыкі. □ Я помню тыя дні, што папялішчам сталі: Пагромшчыкі-жаўнеры ў Мінску панавалі. А. Александровіч.