паадко́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Адкапаць адно за другім усё, многае або ўсіх, многіх. Паадкопваць рэчы з зямлі. □ Тых жа [гараджан], што асталіся ў горадзе, засынала, пахавала пад сабой цэгла і жалезабетонная арматура — іх нават не было каму паадкопваць. Сачанка.
паадко́рмлівацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Адкарміцца — пра ўсіх, многіх. Валы паадкормліваліся.
паадко́рмліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Адкарміць усіх, многіх. Паадкормліваць свіней.
паадко́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Адкаціць усё, многае або ўсіх, многіх. Паадкочваць калоды.
паадко́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Адкасіць ад краю чаго‑н. усё, многае. Паадкошваць віку ад межаў.
паадкру́чвацца, ‑аецца; зак.
Адкруціцца ў многіх месцах; адкруціцца — пра ўсё, многае або пра ўсіх, многіх. Гайкі паадкручваліся.
паадкру́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Адкруціць, адвінціць адно за другім усё, многае. Паадкручваў [бацька] анучы і, босы, у галіфэ, пайшоў з кухні ў пакой, дзе была ляжанка. Ермаловіч. Казік завіхаўся ля водаправодных кранаў. Паадкручваў іх на кухні, у ванне І пазіраў, як бушавалі, вірыліся пругкія струмені. Шыловіч.
паадкрыва́цца, ‑аецца; зак.
Адкрыцца ў многіх месцах, усюды; адкрыцца ў вялікай колькасці. Лена баялася, што .. [Андрэй] паздзірае бінты і зноў пойдзе кроў, паадкрываюцца раны. Скрыган. Пасядзець бы .. [у скверы], пакуль усё ўсюды закрыта. А паадкрываецца, тады зноў у горад. Кулакоўскі.
паадкрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Адкрыць усё, многае; адкрыць што‑н. у многіх месцах. Паадкрываць дамы культуры ў вёсках. □ Кастусь дапамог Івану.. паставіць лавы, зачыніць вокны, якія паадкрывалі, каб не было так горача ў клубе. Гаўрылкін.
паадкрэ́сліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Адкрэсліць усё, многае.