Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падзарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што, чаго і без дап.

Разм. Зарабіць нямнога або дадаткова. Падзарабіць грошай. □ Калі не хапала [заробку] з зямлі, бацька заўсёды мог падзарабіць сталяркаю. Броўка.

падзарабля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да падзарабіць.

падзві́жнік, ‑а, м.

1. Чалавек, які ў імя служэння богу падвяргае сябе доўгім малітвам і посту; аскет. Хрысціянску падзвіжнік.

2. Самаадданы працаўнік. Нястомны і вялікі падзвіжнік,.. [Чорны] і ў апошнюю хвіліну жыцця застаўся велічным у сваёй .. сціпласці. Вітка. // чаго. Актыўны, адданы грамадскі дзеяч. Падзвіжнік навукі.

падзві́жніца, ‑ы, ж.

Жан. да падзвіжнік.

падзві́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да падзвіжніка, падзвіжніцтва. // Які ўласцівы падзвіжніку. Падзвіжніцкае жыццё.

2. Самаадданы. Падзвіжніцкая праца.

падзві́жніцтва, ‑а, н.

1. Лад жыцця падзвіжніка.

2. Самаадданасць. Высокая патрабавальнасць да сябе і да другіх, разуменне літаратурнай працы як высакароднага абавязку і своеасаблівага падзвіжніцтва праходзіць праз усю кнігу [М. Лужаніна «Вачыма часу»]. Бугаёў.

падзво́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Суправаджаць звонам якія‑н. гукі. [Малады крымінальнік] так умеў падзвоньваць сабе самому ланцугамі, падбіраць тоны, што гэты звон замяняў яму музыку, адпавядаючы ўласнаму настрою. Колас.

па́дзевы, ‑ая, ‑ае.

У выразе: падзевы мёд гл. мёд.

падзе́ж, ‑дзяжу, м.

Павальная гібель жывёлы ад якой‑н. хваробы; паморак. Трэба было прымаць неадкладныя захады, каб выратаваць жывёлу ад вернага падзяжу. Новікаў.

падзе́йнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Насычанасць падзеямі, фактамі.