Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падто́чваць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падтачыць ​1.

падто́чваць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падтачыць ​2.

падто́чка 1, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. падтачыць ​1 (у 1 знач.).

падто́чка 2, ‑і, ДМ ‑чцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падтачыць ​2.

2. Падточаны кусок якой‑н. матэрыі. Мае хвацкія аўчынкі: з аднае могуць выйсці плечы без падточак. Баранавых.

падтрапі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да падтропікаў; субтрапічны. Была вайна, і лёс мяне закінуў З прыільменскіх балот туды, дзе ўсё цвіце, У тую падтрапічную краіну, Дзе на пяску згарае нават цень. Панчанка.

падтраса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падтрэсці.

падтро́пікі, ‑аў; адз. няма.

Тое, што і субтропікі.

падтрыма́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. падтрымаць (у 2–4 знач.).

падтры́маны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падтрымаць.

падтрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Прытрымаць, не даць упасці, паваліцца каму‑, чаму‑н. Маці стала каля шэрага бетоннага слупа, трымаючыся аберуч за яго. Здавалася, яна вось-вось паваліцца. Нор падбег і падтрымаў яе. Шамякін. [Сын:] — Кузьма, вунь яма — падтрымай воз! Якімовіч.

2. Аказаць матэрыяльную, маральную і інш. дапамогу; спрыяць у чым‑н. Я не забыў і наўрад ці калі забуду, як.. [Давідзюк] мяне падтрымаў, выплаціўшы ганарар, калі я быў проста ў адчаі. Сабаленка. [Н. Галавач] умеў заслужана пахваліць, падтрымаць сапраўды таленавітага маладога пісьменніка. Хведаровіч. Зіна тут ужо не ведала, што і сказаць, за што брацца, якімі парадамі падтрымаць хворых. Кулакоўскі.

3. Выказаць сваю згоду з кім‑, чым‑н., адобрыць каго‑, што‑н. Прапанаваў кандыдатуру Дзіміна сам дырэктар, і таму яе лёгка падтрымалі, хоць Дзімін і адмаўляўся. Карпаў. Аўгіня хацела аддаць.. [Алесю] у школу, але Васіль не падтрымаў. Колас. — Дык мо тут дадзім адгул матору? — прасадзіў праз шыбу кабіны галаву вадзіцель. — Дамо! Дамо! — дружна падтрымалі пасажыры. Сабаленка.

4. Не даць спыніцца ці парушыцца чаму‑н. [Андрэй] з цікавасцю слухаў разважанні хлопцаў, гатовы сам падтрымаць іх гутарку. Шахавец. // Падмацоўваючы чым‑н., захаваць, не даць прапасці, знікнуць. Падтрымаў свой аўтарытэт. □ — Я, сыночку, уміраю, Я ў табе надзеі маю: Падтрымай наш род, сынок! Колас.

падтры́мка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. падтрымаць.

2. Дапамога. Матэрыяльная падтрымка.

падтры́мліванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падтрымліваць.