Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паддруко́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да паддрукоўваць.

паддруко́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да паддрукаваць.

паддрэ́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які знаходзіцца, расце пад дрэвамі. Да змроку.. [Вэня] перабыў у лесе, стуліўшыся ў паддрэўным хмызняку. Чорны.

паддубо́вік, ‑а, м.

Грыб з жоўта-бурай шапкай, падобны на баравік.

паддува́ла, ‑а, н.

Адтуліна пад топкай, куды праходзіць паветра, якое падтрымлівае гарэнне. Адчыніць паддувала. □ Водсвет полымя цераз паддувала, цераз шчылінкі ў дзверцах падаў на падлогу пучкамі. Шамякін.

падду́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца пад дугой, прымацаваны да дугі. Паддужны званочак.

2. Спец. Дадатковы, дапаможны на які‑н. выпадак (пра каня). // у знач. наз. падду́жны, ‑ага, м. Коннік, які суправаджае каня на скачках.

пад’е́зд, ‑у і ‑а, М ‑дзе, м.

1. ‑у. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пад’язджаць — пад’ехаць.

2. ‑а. Месца, шлях, па якім пад’язджаюць куды‑н. Гарышны паклаў свой багаж на лавачку, паглядзеў на пад’езд да ракі, на гадзіннік і апусціўся на лавачку і сам. Ракітны. Ціток абышоў усю.., круговіну лесу, агледзеў, як дбалы гаспадар, усе пад’езды і выезды. Лобан.

3. ‑а. Уваход (звычайна крыты) у будынак. Каля цэнтральнага пад’езда Дома ўрада стаялі грузавыя машыны. Якімовіч. Людзі кідаліся ў двары, у парадныя пад’езды. Лынькоў. Герояў Сацыялістычнай Працы яшчэ не так многа, і калі ўжо ў вашым доме жыве герой, дык яго, як і чэмпіёна свету, ведаюць усе: і ў якім пад’ездзе ён жыве, і па якім паверсе, і якая нават кватэра... Васілевіч.

пад’е́здны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пад’езда (у 3 знач.). Пад’ездныя дзверы. □ Навіцкі парадаваўся, што нікога няма ля пад’езднай лаўкі, хутка шмыгнуў у пяціпавярховы дом. Далідовіч.

пад’е́льнік, ‑у, м.

Род шматгадовых сапрафітных травяністых раслін сямейства вертляніцавых з лусачкамі на сцябле, жаўтаватымі лісцікамі і кветкамі, сабранымі ў гронку, якія растуць пераважна ў хвойных лясах.

пад’есау́л, ‑а, м.

Афіцэрскі чын у казацкіх войсках дарэвалюцыйнай Расіі ніжэй есаула. // Асоба ў гэтым чыне.