Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падда́ча, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. паддаць (у 1, 2, 4 і 5 знач.) і паддацца (у 3 знач.).

падда́шак, ‑шка, м.

Разм. Памяшканне, якое знаходзіцца пад самым дахам, паміж столлю і дахам; гара. Чубар прыхінуўся плячом да драбінаў, што былі прыстаўлены да сцяны, каб лазіць на паддашак. Чыгрынаў.

падда́шкавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да паддашка; які знаходзіцца ў паддашку. Паддашкавае акно было адчынена. П. Ткачоў. Асцярожна, каб не нарабіць груку абцасамі на жалезных лістах,.. [Віця] дабраўся да паддашкавага акенца. Шыловіч.

падда́шша, ‑а, н.

Прастора паміж столлю і дахам. // Жылое памяшканне, якое знаходзіцца пад дахам.

паддзе́ць, ‑дзену, ‑дзенеш, ‑дзене; зак., каго-што.

1. Тое, што і пададзець. Анісім пашкадаваў пра сябе, што не паддзеў пад спод ватовай камізэлькі. Сачанка.

2. Падчапіць чым‑н. Большы [зубр] спыніўся каля веласіпеда, абнюхаў яго і, матнуўшы галавой, паддзеў рогам за раму. Хадкевіч.

3. перан. Разм. Задзець субяседніка калючай заўвагай; укалоць. Да мяне ў гэты момант дайшло, што Алёшка не жартуе, хлопец ён, рашучы, ды яшчэ калі паддзенеш яго. Хадкевіч.

паддзёвачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да паддзёўкі.

паддзёўка, ‑і, ДМ ‑дзёўцы; Р мн. ‑дзевак; ж.

Мужчынскае верхняе адзенне, з гузікамі ад пляча да нізу на адным баку і са зборкамі на таліі. [Выжлік] быў апрануты ў забруджаныя, парваныя на каленях вайсковыя штаны і шэрую мультановую паддзёўку. Дуброўскі. Адразу за.. [вучнямі] у кабінет ступіў бялявы хлопец у зацяганай, але крамнай паддзёўцы, у ружовай і залатанай пад каўняром нязрэбнай сарочцы. Мележ.

паддзіма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да пададзьмуць.

паддзі́р, ‑а, м.

Спец. Інструмент у выглядзе кліна, які ўжываецца ў горнай справе для здабычы ломкіх парод.

паддзіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Спец. Рабіць паддзірку.