пампе́зны, ‑ая, ‑ае.
Які вызначаецца раскошай, пышнасцю, разлічанай на знешні эфект. Тут [у троннай зале] няма нічога лішняга, цяжкага, пампезнага. В. Вольскі.
[Ад лац. pomposus.]
пампо́н, ‑а, м.
Упрыгожанне ў выглядзе шарыка з нітак, футра і інш. на шапках, туфлях і пад. Ілонка плюхнула ў вочы прыгаршчы вады, надзела шапачку з пампонам, кажушок і выбегла на вуліцу. Хомчанка.
[Фр. pompon.]
пампу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. Невялікая круглая пышная булка. Бабы .. ля печы завіхаюцца, частай і ветлівай гаворкай рассыпаюцца, цукрам пампушкі салодзяць. Галавач.
2. перан. Разм. Аб тоўстым, пульхным дзіцяці, жанчыне. Шчоўкнула [Таська замком].. — і вось яна, круглатварая пампушка, перад імі. Паўлаў.
памро́іць, ‑мрою, ‑мроіш, ‑мроіць; зак., пра каго-што, аб кім-чым, і без дап.
Мроіць некаторы час.
памудрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., над чым і без дап.
Разм. Мудраваць некаторы час.
памудраге́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., над чым і без дап.
Разм. Мудрагеліць некаторы час. Сядзелі [члены сельскагаспадарчай арцелі] яшчэ доўга: вырашалі, што дзе сеяць і колькі? Трэба было памудрагеліць, каб нарабіць хлеба і да хлеба: азімых жа не было. Місько.
памужне́лы, ‑ая, ‑ае.
Які памужнеў, пасталеў. Я іду, бывалы воін, Памужнелы і худы, Не прывыкшы да спакойнай, Да цывільнае хады. Панчанка.
памужне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць больш развітым фізічна; узмужнець. Быў просты вясковы хлапчук. А гэта — вырас, памужнеў, у плячах раздало. Ракітны. [Трахім] памужнеў і падрос за гэты час, калі яны не бачыліся. Мележ. // Стаць больш дарослым, самастойным, сталым. Мы ўжо даўно не навабранцы, Мы памужнелі ў баях. Калачынскі.
паму́ляцца, ‑ляюся, ‑ляешся, ‑ляецца.
Зак. да муляцца (у 2 знач.).