пагража́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтрымлівае ў сабе пагрозу, выражае пагрозу. Пагражальны тон. □ Аляксей раптам спыняецца, энергічна робіць пагражальныя жэсты рукамі. Якімовіч. Пан Маслянка першы пачаў губляць цярпенне. Ад яго інтэлігентнасці мала што засталося, у голасе пачалі гучаць суровыя пагражальныя ноткі. Машара.
2. Які грозіць небяспекай; небяспечны. Пагражальны характар падзей. □ Наваліўшыся так раптоўна, хвароба не жадала хутка здавацца, і становішча дзяўчынкі было пагражальным. Васілевіч.
пагража́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Абяцаць зрабіць каму‑н. зло, непрыемнасці, выяўляць варожыя намеры, грозячы або пужаючы чым‑н. Пагражаць вайной. □ Дарэмна я пагражаў, што пайду на фронт самавольна, без дазволу. Мне «аўтарытэтна» заявілі, што мяне сілком вернуць з дарогі і нават будуць судзіць. Лупсякоў. Дзед Піліп Мурашка, прызначаны за вартаўніка гідрастанцыі, пагражаў .. [хлопцам] кіем. Шамякін. // Рабіць пагражальныя жэсты рукамі, прадметамі і пад. Пагражаць кулаком. Пагражаць аўтаматам.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), каму-чаму. З’яўляцца пагрозай, ствараць пагрозу для каго‑, чаго‑н. Міша не ведаў, ні што такое гангрэна, ні што такое ампутацыя. Адно толькі зразумеў, што лейтэнанту пагражае нешта страшнае. Курто.
3. Утрымліваць, несці нейкую пагрозу. Рака пагражае разлівам. □ Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.
пагража́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад пагражаць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Тое, што і пагражальны.
3. Дзеепрысл. незак. ад пагражаць.
пагразі́цца, ‑гражуся, ‑грозішся, ‑грозіцца; зак.
Разм.
1. Выказаць пагрозу. — Пайду да дырэктара і ўзніму скандал, — пагразіўся Цімка. Карпаў.
2. Тое, што і пагразіць (у 1 знач.). Тыя [Патупчыкі] бачаць, што ў іх непярэліўкі, паагрызаліся, пагразіліся кулакамі, ускочылі па адным у вазок і пусціліся на вёску, па сваіх дамах. Ракітны.
пагразі́ць, ‑гражу, ‑грозіш, ‑грозіць; зак.
1. Зрабіць пагражальны жэст. Пагразіць свавольнікам. □ Амелька пагразіў кулаком у бок сяла і пачаў заводзіць свой матацыкл. Якімовіч. Таццяна пагразіла пальцам: — Сынок, нельга самому браць. Пальчэўскі.
2. Выказаць пагрозу. — А я закрычу! — пагразіў Рабушка. Новікаў. — Ну што ж, наракай пасля на сябе, — пагразіў тады Брава Жыватоўскі. Чыгрынаў.
паграмі́ць, ‑грамлю, ‑громіш, ‑громіць; зак., што і без дап.
1. Разграміць усё, многае.
2. Граміць некаторы час.
пагран...,
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «пагранічны», напрыклад: пагранатрад, пагранзастава, пагранслужба.
паграні́ць, ‑граню, ‑граніш, ‑граніць; зак., што.
1. Нанесці, зрабіць грані на ўсім, многім.
2. Граніць некаторы час.
паграні́чнік, ‑а, м.
Ваеннаслужачы ў войсках пагранічнай аховы. Каля варот заставы стаяў з вінтоўкаю пагранічнік-чырвонаармеец. Колас. Акружаныя ў доце, пагранічнікі біліся да апошняга патрона. Брыль.
паграні́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які знаходзіцца каля граніцы, уздоўж граніцы. Пагранічная зона. □ Тут ляжала калісьці прасека Пагранічнай лясной паласы. Калачынскі. Пагранічная пушча вакол загула. Куляшоў. // Які адбываецца на граніцы. Пагранічны інцыдэнт. Пагранічная служба. // Які паказвае граніцу. На бурым .. фоне прыемна вылучаюцца паласатыя пары пагранічных слупоў. Брыль.
2. Які мяжуецца з кім‑, чым‑н. Пагранічная рэспубліка. Пагранічныя горы.
3. Які мае адносіны да аховы граніцы. Пагранічная варта. Пагранічная застава. Пагранічны гарнізон. □ Прыдзвінне ад Полацка да граніцы з Латвіяй было краем насцярожанай пагранічнай цішыні. Хадкевіч.